Пошук

18.12.2024 12:20   Паводле: Catholicnews.by / Catholic.by
Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выдаў Дэкрэт аб прызначэнні юбілейных святыняў на Святы 2025 год у Віцебскай дыяцэзіі.

18 снежня дакумента быў апублікаваны на сайце Catholicnews.by.

ДЭКРЭТ

У адказ на абвяшчэнне Папам Францішкам Звычайнага Юбілею Святога 2025 года, прызначаю на час Святога Года ў Віцебскай дыяцэзіі (29 снежня 2024 – 28 снежня 2025 г.) наступныя юбілейныя святыні, якія стануць для вернікаў месцам пабожнай пілігрымкі, у якіх праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў, які таксама можна ахвяраваць за душы, якія церпяць у чысцы:

  • малая базыліка Нараджэння Маці Божай у Браславе;
  • касцёл Нараджэння Маці Божай ў Верхнядзвінску;
  • катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску;
  • касцёл святога Казіміра ў Лепелі;
  • касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку;
  • касцёл святога Юзафа ў Оршы;
  • касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах;
  • касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Удзелe.

Няхай юбілейныя святыні нашай дыяцэзіі будуць духоўнымі аазісамі, у якіх кожны ахвотны зможа аднавіць дарогу веры і наталіць смагу з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незаменнай адпраўнога пункту для сапраўднага шляху навяртання.

Заахвочваю ўсіх святароў, якія нясуць душпастырскую паслугу ў Віцебскай дыяцэзіі, а асабліва душпастыраў юбілейных святынь, ахвярна служыць братам і сёстрам у сакрамэнце пакаяння і паяднання і забяспечыць даступнасць гэтага  сакрамэнту ў індывідуальнай форме.

Заахвочваю таксама святароў, духоўных і свецкіх асобаў здзяйсняць парафіяльныя пілігрымкі, а таксама пілігрымкі ў індывідуальнай форме да юбілейных святынь — «святых месцаў гасціннасці і прывілеяваных прастораў надзеі» (Spes non confundit, 24).

Нягледзячы на правіла, згодна з якім у дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст (Enchiridion Indulgentiarum, 4-е выд., норма 18, § 1), вернікі таксама атрымаюць акт міласэрнасці для душаў церпячых у чыстцы, калі законна прымуць сакрамэнт Камуніі другі раз у той самы дзень (гэта значыць падчас удзелу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі. Пар. ККП, кан. 917; Папская камісія па справах сапраўднай інтэрпрэтацыі Кодэкса кананічнага права, Responsa ad dubia, 11 ліпеня 1984 г.). Такім чынам, вернікі змогуць атрымаць поўны адпуст двойчы ў той самы дзень, ахвяруючы яго выключна за памерлых (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

У Буле аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года пад назваю Spes non confundit Папа Францішак, між іншым, піша: «У Юбілейным годзе кожны з нас пакліканы быць адчувальным знакам надзеі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкіх умовах» (Spes non confundit, 10). Таму вернікі змогуць атрымаць поўны юбілейны адпуст, калі наведаюць і прысвецяць адпаведны час братам, якія знаходзяцца ў патрэбе або ў цяжкім жыццёвым становішчы (хворым, вязням, адзінокім пажылым людзям, інвалідам і г.д), пілігрымуючы да прысутнага ў іх Хрыста (пар. Мц 25, 34 015036) і выконваючы звычайныя духоўныя, сакрамэнтальныя і малітоўныя ўмовы (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

Усім пілігрымам надзеі, якія скіруюцца да юбілейных святынь нашай дыяцэзіі, удзяляю пастырскае благаслаўленне.

✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Кс. кан. Віктар Місевіч
      Канцлер Курыі

Абноўлена 18.12.2024 14:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа