7 снежня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падпісаў дэкрэт аб устанаўленні шасці юбілейных касцёлаў у Пінскай дыяцэзіі на перыяд Святога 2025 года.
Ва ўзгаданым дэкрэце, між іншым, біскуп напісаў: «Папа Францішак булай Spes non confundit ад 9 мая 2024 года абвясціў Звычайны Юбілей 2025 года, які распачнецца ў Рыме 24 снежня 2024 года адкрыццём святых дзвярэй у базыліцы святога Пятра, а ў нядзелю 29 снежня 2024 года гэтае святкаванне распачнецца ва ўсіх катэдральных касцёлах свету.
Ва ўзгаданай буле Святы Айцец заклікае ўсіх хрысціянаў, каб у Юбілейным годзе сталі пілігрымамі надзеі, асабліва ў часы, калі „чалавецтва, забываючы пра драмы мінулага, паддаецца новаму і цяжкаму выправабаванню, у якім многія народы прыгнятаюцца жорсткім насіллем“ (SNC 8).
Папа Францішак нагадвае, што менавіта надзея з’яўляецца цнотай, якую неабходна нанава адкрыць у знаках часу, якія, ахопліваючы „тугу чалавечага сэрца, патрабуючага збаўчай прысутнасці Бога, намагаюцца, каб былі ператвораныя ў знакі надзеі“ (SNC 7), якія належыць чэрпаць перадусім з Божай ласкі і паўнаты Яго міласэрнасці. Таму ўсе вернікі запрошаныя здзейсніць пілігрымку надзеі ў вызначаныя месцы ў Рыме або ў іншыя юбілейныя касцёлы, „у якіх ёсць магчымасць аднавіць шлях веры і напіцца з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незаменнага пункту выйсця на сапраўдным шляху навяртання“ (SNC 5).
У сувязі з вышэйузгаданым, маючы ва ўвазе духоўнае дабро вернікаў нашай дыяцэзіі, а таксама плённае перажыванне Святога года, устанаўліваю наступныя касцёлы на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі юбілейнымі святынямі:
- катэдральную базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску;
- санктуарый Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся ў Лагішыне;
- санктуарый Маці Божай Фацімскай у Баранавічах;
- касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце;
- касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі:
- касцёл Святога Міхала Арханёла ў Мазыры.
Заахвочваю да пілігрымак у гэтыя месцы.
За наведванне ўзгаданых касцёлаў падчас Звычайнага юбілею 2025 года, згодна з дэкрэтам Апостальскай пэнітэнцыярыі ад 13 мая 2024 года, можна будзе атрымаць ласку юбілейнага адпусту.
Усе вернікі, якія ў Святым годзе прыступяць да сакрамэнтальнай споведзі, прымуць святую Камунію, выключаць прывязанасць да любога граху і будуць маліцца згодна з інтэнцыямі Святога Айца, могуць атрымаць поўны адпуст:
- калі здзейсняць пабожную пілігрымку — індывідуальна або ў групе — у юбілейны касцёл, будуць удзельнічаць у святой Імшы, прымаючы святую Камунію, або ў набажэнстве Божага слова, Літургіі гадзінаў ці ў іншых набажэнствах, карыстаючыся сакрамэнтам пакаяння,
- або правядуць адпведны час у Эўхарыстычнай адарацыі і разважанні, завяршаючы яго малітвай „Ойча наш“, Вызнаннем веры ў любой зацверджанай форме і малітвай да Маці Божай.
Акрамя таго, нягледзячы на прынцып Касцёла, што на працягу аднаго дня можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст, вернікі ў Юбілейным годзе атрымліваюць акт міласэрнасці дзеля чысцовых душаў і калі ў той самы дзень яшчэ раз прыступяць да святой Камуніі, змогуць атрымаць яшчэ адзін адпуст, ахвяруючы другі атрыманы адпуст толькі за памерлых.
Заахвочваю да карыстання гэтым дарам ласкі, а ўсіх святароў, якія служаць у вышэйпералічаных асаблівых месцах культу падчас Звычайнага юбілею 2025 года, а асабліва спаведнікаў і вернікаў, якія наведваюць юбілейныя касцёлы, ад усяго сэрца благаслаўляю».