Пошук

25.10.2024 19:06   Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Лізавета Бубенька / Catholic.by

24 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага імя Марыі ў Мінску адбылася адбылася агульная катэхеза для моладзі на тэму сям’і і адносін.

Серыя агульных катэхез для моладзі стала вынікам працы Форуму моладзі, на якім былі акрэслены асноўныя выклікі і патрэбы сучаснай хрысціянскай моладзі. На форуме акрэслілі важнасць агульных катэхез на актуальныя для моладзі тэмы з магчымасцю анлайн-удзелу.

Сёлета для гэтых сустрэч была абраная тэма сям’і і адносін, якая выклікала вялікую цікавасць.

Сустрэча распачалася святой Імшой, у якой ахвотныя маглі ўзяць удзел. Пасля малітвы моладзь сабралася ў дольным касцёле мінскай архікатэдры, дзе каля 80-і юнакоў і дзяўчат сустрэліся са спікерамі: сям’ёй Веранікі і Эдуарда Рогачаў, якія прыехалі са Смаргоні.

Вераніка і Эдуард — сямейная пара з дзевяцігадовым «стажам» сумеснага жыцця, выхоўваюць трох дзетак. Яны актыўна служаць моладзі, у тым ліку праз Клуб святога Дамініка Савіо і праект TeenVavation. Эдуард — педагог па адукацыі і праграміст па прафесіі, Вераніка — псіхолаг і сямейны кансультант, а таксама блогер. Яны падзяліліся сваім шляхам да шчаслівай сям’і, расказалі пра штодзённыя крокі, якія дапамагаюць захоўваць любоў і гармонію: шчыры дыялог, агульныя каштоўнасці, супольная малітва і служэнне, павага да індывідуальнасці.

Выступленне было напоўнена не толькі практычнымі парадамі, але і лёгкім гумарам: пара дзялілася асабістымі гісторыямі і прыкладамі, якія яскрава паказалі іх шлях у сямейным жыцці.

Маладыя людзі актыўна ўключыліся ў размову, задаючы пытанні пра лідэрства ў сям’і, кіраванне фінансамі, вызначэнне свайго «сапраўднага» чалавека. Закраналіся і складаныя тэмы, як залежнасць і барацьба з унутранымі крызісамі.

Сустрэча завяршылася часам для нефармальных зносін і гарбаты, дзе моладзь магла бліжэй пазнаёміцца з Веранікай і Эдуардам і абмеркаваць пачутае.

Для тых, хто не змог далучыцца асабіста, праводзіўся прамы эфір на старонцы Душпастырства моладзі ў Instagram, каб усе ахвотныя маглі далучыцца анлайн.

Катэхезы на тэму сям’і і адносін працягнуцца: наступныя сустрэчы з новымі спікерамі запланаваныя на 16 студзеня і 20 лютага.

  • План мерапрыемстваў душпастырства моладзі ў Мінску на 2024/2025 катэхетычны год ТУТ>>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.