Пошук

13.09.2024 13:04   Фота: Марыя Ахрамовіч / Catholic.by

12 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, ў Мінску адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу архікатэдральнага касцёла.

З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і больш за дзясятак святароў з розных мясцін Беларусі, у тым ліку пробашч мінскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі і яго папярэднік ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, які вельмі шмат зрабіў для адраджэння архікатэдры і развіцця парафіяльнага жыцця.

Ва ўрачыстай Імшы разам з катэдральнымі парафіянамі бралі ўдзел госці з іншых парафій. Сярод іх былі пілігрымы з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, якія здзейснілі шматдзённую пілігрымку па святынях Беларусі.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які напачатку прывітаў сабраных, у тым ліку і пілігрымаў з Расіі, якім ён як пастыр служыў больш за 16 гадоў.

Пры гэтым заслужаны іерарх падкрэсліў гістарычную сувязь паміж беларускімі і расійскімі католікамі. «У царскія часы Касцёл у Расіі належаў да Магілёўскай Мітраполіі. Таксама і цяпер шмат расійскіх католікаў — гэта нашыя суайчыннікі», — заўважыў арцыбіскуп эмэрыт і пажадаў ім Божага благаслаўлення і апекі Божай Маці.

Разважаючы над прачытаным евангельскім тэкстам пра адведзіны Марыяй святой Альжбеты, іерарх адзначыў, што Яна дазволіла Богу дзейнічаць у Яе жыцці і такім чынам прычынілася да збаўлення свету.

«Мы таксама павінны дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах, каб атрымаць Яго збаўчую ласку. Часам нашае жыццё падобнае да ўсхваляванага нашымі слабасцямі і грахамі мора, хвалі якога імкнуцца нас затапіць. Да каго мы тады павінны звяртацца?

У заходняй традыцыі імя Марыя азначае „Зорка мора“. Нярэдка грахоўная ноч здаецца беспрасветнай; мы не ведаем, дзе знаходзімся і якой дарогай павінны ісці, каб не заблукаць. У даўнія часы маракі арыентаваліся на моры па нябесных зорках, хоць сёння выкарыстоўваюць сучасныя навігацыйныя прылады.

Марыя, як Зорка мора, з’яўляецца духоўнай Зоркай, навігатарам, GPS-ам, які паказвае нам дарогу да Езуса. Падобна да маяка, Яна папярэджвае нас, каб не мы разбіліся аб скалы грахоў і кіраваліся ў бяспечны порт», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, звярнуўшы ўвагу прысутных на тое, што Марыя павінна займаць прывілеяванае месца ў жыцці хрысціяніна.

«Усходняя хрысціянская іканаграфія часта прадстаўляе Марыю як Адзігітрыю, гэта значыць тую, якая паказвае шлях да Езуса Хрыста. Яе рукі, вочы, жэсты — гэта жывая катэхеза, якая заўсёды паказвае Езуса як цэнтр хрысціянскага жыцця», — дадаў іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па традыцыі завяршыў малітоўным заклікам:

«Марыя, сёння мы праслаўляем Тваё святое Імя. Паказвай нам шлях да свайго Сына і яднай з Ім. Не дазволь заблукаць на нашым жыццёвым шляху. Дапамажы перадольваць яго складанасці і жыць праўдай вучэння Езуса — адзінага Збаўцы свету ўчора, сёння і ва ўсе часы».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.