31 жніўня ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылося ўрачыстае пасвячэнне новазбудаванага касцёла святога Казіміра, які з’яўляецца самым высокім будынкам у 18-тысячным райцэнтры Міншчыны.
Гэты суботні дзень стаў доўгачаканым святам для вернікаў стаўбцоўскай парафіі, якія на чале са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком, прыклалі шмат намаганняў для пабудовы гэтай велічнай святыні.
Абрад пасвячэння стаў годным увянчаннем руплівасці парафіянаў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, якія сваёй працай і сродкамі, сваімі малітвамі і верай узводзілі будынак касцёла.
Не толькі католікі, але і ўсе неабыякавыя мясцовыя жыхары вельмі радаваліся, калі ў 2019 годзе з прызначэннем у парафію новага пробашча, якім стаў ксёндз Ігар Лашук, будаўніцтва, нарэшце, зрушылася з мёртвага пункта. Да кожнай нядзелі і кожнага свята вернікі прыбіралі будучы касцёл, у якім не было яшчэ не толькі падлогі, але і даху, каб, як казаў іх душпастыр, «намольваць гэтае месца». Паступова ў сакральным будынку з’явілася і падлога, і дах, і высокі шпіль з крыжам над вежай.
Радасных момантаў станавілася ўсё больш з кожным днём. Касцёл аздаблялі і ўсярэдзіне: вітражы на вокнах, плітка на падлозе, драўляны разблёны алтар, адноўленыя прыгожыя абразы. У снежні 2022 года ў касцёл былі ўнесены рэліквіі Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, прыёра стаўбцоўскіх дамініканаў, які здаўна слыне як цудатвоца.
Будынак касцёла сапраўды ўпрыгожыў райцэнтр.
Людзі — і мясцовыя, і прыезджыя — з цікавасцю заходзяць у святыню, каб палюбавацца яе хараством, адчуць моц веры і дакрануцца да духоўных традыцый беларускай зямлі.
У дзень пасвячэння ў касцёле сабраліся мясцовыя вернікі і шматлікія госці, больш за два дзясяткі святароў з розных мясцін Беларусі. Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Усіх сабраных, у тым ліку арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, Генеральнах вікарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага з Мінска і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з Магілёва, а таксама найстарэйшага каталіцкага іерарха ў Беларусі, біскупа Казіміра Велікасельца з Гомеля (Пінская дыяцэзія), напачатку прывітаў пробашч стаўбцоўскай парафіі.
«Дзякуй Богу Усемагутнам за гэтую вялікую ласку, што мы сёння знаходзімся тут, і што Пан Бог да нас такі ласкавы і міласэрны», — сказаў ксёндз Ігар Лашук. Ён коратка распавёў пра гісторыю каталіцкай парафіі ў Стоўбцах, якая налічвае ўжо больш за чатыры стагоддзі, а таксама пра пабудову новай святыні.
Распачынаючы Імшу, арцыбіскуп Станеўскі перадусім узгадаў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у чарговы раз падкрэсліўшы значнасць гэтай даты.
«Сёння ў гэтым месцы таксама адбываецца вызваленне з граху чалавека. <…> Сёння Бог выбраў нас, і таму разам з вамі ўсімі будзем пасвячаць, кансэкраваць гэты дом Божы, каб тут Бог сустракаўся з чалавекам і каб тут чалавек мог сустрэць жывога Бога», — сказаў арцыпастыр, пасля чаго распачаў урачысты абрад пасвячэння з акраплення асвячонай вадой.
Пасля чытанняў Божага слова біскуп Яшэўскі прамовіў гамілію, у якой нагадаў, што азначае пасвячэнне Божага дома, а таксама тое, чаму гэты будынак такі асаблівы, што не толькі сёння, але кожны год будзе святкавацца дзень яго пасвячэння. Іерарх падкрэсліў, што тут аб’яўляецца веліч Бога, Езуса Хрыста, пакорліва схаванага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
«Ужо святы Ян Залатавусны, пішучы пра веліч нашых святынь, адзначае, што, як і веліч Бога ў небе, нашы алтары таксама акружаны анёламі падчас святой Ахвяры. Ці заўсёды мы памятаем пра гэта, ці выказваюць нашы паводзіны ў касцёле пашану, належную велічы Бога?» — прапанаваў задумацца біскуп. Нагадаўшы, якой вялікай пашанай у пабожных юдэяў карысталася ерузалемская святыня, ён заўважыў, што «і ў нашыя часы рукамі сваіх памазанікаў, біскупаў, Бог асвячае для сябе месца, памазвае яго святым алеем, каб тут было Яго імя, каб вечна была тут Яго ласка».
«У Бога ёсць свая святыня, якая ахоплівае ўвесь свет, скляпенне якой — неба, а падножжа — зямля, свечкі алтарныя — зоркі, сонца, месяц і іншыя нябесныя целы, дзе ўсё праслаўляе Пана Магуццяў і глыбока пакланяецца Яму — ад веснавога першацвета да кедра Лібана, ад цвыркуна да шматлікіх жывёл і птушак, якія спяваюць песню свайму Творцу, ад пясчынкі да вялізных гранітных скал, ад лёгкага прыемнага ветрыку да віхру і марскіх бур.
І ўсё ж гэтая найдасканалейшая Істота, Бог, акрамя таго, што мае такую цудоўную святыню, не пагарджае творамі рук чалавечых і жадае жыць у нашых зямных святынях як Валадар сярод сваіх падданых, як Айцец сярод сваіх дзяцей, дзе чалавечае сэрца, прыгнечанае цяжарам пакут, знаходзіць палёгку і прахалоду, куды мы заўсёды спяшаемся і дзе знаходзім дапамогу, калі нам цяжка і горка сярод людзей і свету.
Дык будзем жа радавацца ўрачыстасці пасвячэння гэтага Дома Пана; <…> давайце абудзімся да шанавання Дому Божага і будзем наведваць яго часта і ахвотна», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці біскуп Яшэўскі, адзначыўшы, што ўсё жыццё верніка ад купелі да магілы цесна звязана з касцёлам.
Усе прысутныя разам вызналі веру, а таксама прасілі заступніцтва ўсіх святых у Літаніі, якая спяваецца падчас асабліва важных падзей у Касцёле.
Арцыбіскуп Станеўскі прамовіў малітву пасвячэння касцёла і алтара, пасля чаго намасціў алтар святым алеем, а біскуп Яшэўскі намасціў крыжы на сценах святыні.
На алтары было запалена кадзіла, дым якога сімвалізуе малітвы і ахвяры, што будуць тут складацца. Адбылося таксама акаджэнне вернікаў і святыні. Алтар быў засланы белым абрусам, на ім былі запалены свечкі і складзены ахвярныя дары для цэлебрацыі Эўхарыстыі.
Пасля Камуніі біскуп Юрый Касабуцкі прачытаў на лацінскай мове дэкрэт аб пасвячэнні касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах, пасля чаго ўручыў дакумент ксяндзу пробашчу Ігару Лашуку, а той паказаў яго вернікам, трымаючы высока ўзнятым.
На заканчэнне святой Імшы прамовілі парафіяне, а арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў падзячную грамату за пабудову святыні ўсёй парафіі, пасля чаго разам з прысутнымі іерархамі ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Пасля Імшы на сходах новапасвячонай святыні адбыўся выступ калектываў Стаўбцоўскай музычнай школы: ансамбля народных інструментаў «Кругліца» і ўзорнага дзіцячага ансамбля народнай песні «Жавароначкі», дуэта аргана і скрыпкі. Парафіянамі быў арганізаваны пачастунак для ўсіх прысутных.
Увечары на ганку касцёла спявалі ўдзельнікі хрысціянскага праекта «Рыбы». Тэксты песень, прыемная музыка, непаўторны стыль гурта не пакінулі нікога абыякавым. Слухачы доўга апладзіравалі спевакам, не жадаючы з імі развітвацца.
Але ўсіх чакаў яшчэ салют ад спонсара, перад якім пад акампанемент аргана парафіяне дружна праспявалі «У часе кожным Маці Божу», а пасля салюта — «Цябе, Бога, праслаўляем».
На заканчэнне святочнага дня пад апладысменты ксёндз Ігар Лашук падзякаваў усім за малітву, прысутнасць, жаданне быць з Богам.