Пошук

21.08.2024 12:38   Тэкст: Ганна Краснадэмская / Фота: удзельнікаў рэкалекцый / Catholic.by

З 16 па 18 ліпеня адбыліся рэкалекцыі для навучэнцаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля. Ужо другі год запар месцам правядзення духоўных практыкаванняў для будучых катэхэтаў, кантараў, спецыялістаў па рэлігійным турызме і супрацоўнікаў касцёльных сродкаў масавай камунікацыі стала парафія Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат).

У месца, дзе калісьці знаходзіўся адзін з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі каранваных папскімі каронамі цудадзенйных абразоў Маці Божай, навучэнцаў сардэчна запрасіў мясцовы пробашч ксёндз Юзаф Сярпейка.

Большасць удзельнікаў рэкалекцый — гэта тыя, хто скончыў другі курс каледжа і рыхтуецца да апошняга, самага адказнага курса, на якім навучэнцаў чакае напісанне дыпломнай працы і здача экзамена еx universa па ўсім курсе навучання.

Такім чынам, удзел у духоўных практыкаваннях стаў добрай нагодай, каб памаліцца аб святле Духа Святога на бліжэйшы навучальны год.

Увечары ў пятніцу 16 жніўня ўдзельнікі рэкалекцый, якія навучаюцца ў Мінску, але паходзяць з розных куткоў архідыяцэзіі, прыбылі ў Бялынічы. Мясцовы пробашч радасна прывітаў пілігрымаў, благаславіў і акрапіў асвячонай вадой, пасля чаго ўсе сабраліся ў капліцы, каб прывітаць Маці Божую ў Бялыніцкім абразе — копіі таго, які слынуў тут шматлікімі цудамі. Пасля ксёндз рэкалекцыяніст прамовіў да сабраных канферэнцыю, засяродзіўшыся ў ёй на сэнсе навучання і на характары будучага служэння навучэнцаў.

«Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне (Ян 14, 6)», — нагадаў ксёндз Юзаф словы з Евангелля паводле Яна, дадаўшы, што «нашыя намеры заўсёды павінны быць згоднымі з намерам Пана Бога адносна нас і іншых людзей, і гэта трэба вучыцца распазнаваць, супрацоўнічаючы з Божай ласкай».

Насычаная духоўная праграма чакала навучэнцаў у другі дзень прабывання ў Бялынічах. Раніца суботы традыцыйна распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні, пасля чаго ўдзельнікі супольна адспявалі гімн Святому Духу. Потым ксёндз Юзаф прамовіў канферэнцыю, у якой закрануў шэраг тэм: духоўнага самаўдасканалення падчас набыцця ведаў, гатоўнасці служыць Касцёлу і навучання іншых.

Рэкалекцыяніст тлумачыў, што перадусім трэба даць магчымасць Богу дзейнічаць у сабе, клапаціцца пра ўласнае духоўнае развіццё, бо інакш чалавек не зможа нічога даць іншым.

«Час навучання трэба выкарыстаць мудра, бо нашая кампетэнцыя патрэбная Касцёлу, тым людзям, да якіх Пан Бог нас пашле. Пры гэтым трэба памятаць, што збаўляе толькі Ён: мы толькі прылады ў Яго руках. „Колькі людзей, столькі шляхоў да Бога“, — казаў Папа Бенедыкт XVI, таму не варта навязваць камусьці ўласную духоўнасць, стамляць кагосьці сваёй пабожнасцю: лепш даць прастору для дзеяння Богу, далікатна накіроўваючы чалавека. „Не пераставайце даваць магчымасць Богу вас здзіўляць“, — часта заклікае Папа Францішак», — нагадаў ксёндз Юзаф.

Святар дадаў, што служэнне ў Касцёле «прымусіць сустрэцца з абсалютна рознымі людзьмі і сітуацыямі, часам не заўсёды прыемнымі, аднак мы як хрысціяне мусім памятаць, што кожная сітуацыя нас вучыць і што Бог не дапусціць нічога, што не было б на нашую карысць. У гэтым кантэксце асаблівае значэнне набывае цнота пакоры, якую мы павінны ў сабе развіваць, дасканалы прыклад якой нам дае Найсвяцейшая Панна Марыя», — зазначыў рэкалекцыяніст.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што будучыя катэхэты не павінны знеахвочвацца павольнымі вынікамі сваёй працы або ўвогуле іх адсутнасцю, бо так, як звычайнае насенне доўга знаходзіцца ў зямлі, у цемры, перш чым прарасці і даць плён, так і насенне Слова Божага чакае адпаведнага часу ў душы чалавека.

«Усё тое, што мы сеем, як умеем, усё дасць свой плён», — прывёў святар словы французскага кардынала Жана-Мары Люсціжэ.

Пасля канферэнцыі ўдзельнікі рэкалекцый разам прыгатавалі абед, а потым выйшлі на шпацыр, каб палюбавацца хараством мясцовай прыроды. Яны скіраваліся на возера Хатомля, якое мясцовыя жыхары называюць Святым, бо, згодна з паданнем, на яго месцы калісьці была вёска са святыняй.

Увечары разам з мясцовымі вернікамі навучэнцы ўзялі ўдзел у святой Імшы і ружанцовай малітве з трансляцыяй на «Радыё Марыя».

Падчас яе ксёндз Юзаф запрасіў прысутных і радыёслухачоў на фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай, які адбудзецца сёлета 8 верасня, а таксама на Саракагадзіннае набажэнства, што традыцыйна будзе папярэднічаць ўрачыстасці.

Скончыўся вечар сяброўскай вечарынай ля вогнішча.

Рэкалекцыі завяршыліся супольнай для іх удзельнікаў і для мясцовых парафіянаў святой Імшой у нядзелю 18 жніўня, а таксама сплывам на байдарках па рацэ Друць, над якой некалі ўзвышаўся велічны кармэліцкі касцёл і кляштар у Бялынічах.

Прыемна стомленыя пасля супольнага сплыву і задаволеныя часам, праведзеным разам, падмацаваныя духоўна, удзельнікі рэкалекцый вярнуліся дадому, настроенымі на навучальны год, які распачнецца ў каледжы 14 верасня.

Навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа выказваюць шчырую падзяку пробашчу парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах ксяндзу Юзафу Сярпейку за згоду правесці для іх рэкалекцыі, за прысвечаны ім асабісты час, за арганізацыю іх харчавання і начлегу, за цудоўную атмасферу падчас адпачынку, а таксама мясцовым парафіянам за гасціннасць, дапамогу ў арганізацыі сплыву і супольнае перажыванне веры. Яны спадзяюцца, што духоўныя практыкаванні ў такім благаслаўлёным месцы, якое некалі мела славу «другой Чэнстаховы», стануць добрай традыцыяй.

 

Абноўлена 21.08.2024 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.