Увечары 16 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, адбылася першая Эўхарыстычная цэлебрацыя, падчас якой вялікая група моладзі і дарослых прыняла сакрамэнт канфірмацыі.
Адметнасцю сёлетняга фэсту ў Браславе з’яўляецца тое, што ён адбываецца ў 25-гадовы юбілей з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
Вітаючы сабраных у гэты вечар у санктуарыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч перадусім адзначыў, што кожны, хто прыбывае ў гэтае цудоўнае месца, адчувае не толькі прыгажосць наваколля, але асаблівым чынам, дзесьці ў глыбіні душы — прысутнасць Найсвяцейшай Панны і тыя шчодрыя ласкі, якія тут атрымлівае чалавек. Моладзі, якая ў гэты дзень прымала сакрамэнт канфірмацыі, іерарх пажадаў моцы, святла і натхнення Духа Святога.
Біскуп Буткевіч адзначыў, што сёлетні фэст адзначаецца ў год некалькіх важных юбілееў і гадавін: 600-годдзя з часу заснавання парафіі ў Браславе, 200-годдзя з часу пабудовы тут мураванага касцёла, 15-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай папскімі каронамі, а таксама двух срэбраных юбілееў — 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі і ўтварэння дыяцэзіяльнага санктуарыя Валадаркі азёраў.
«Маем за што дзякаваць Пану Богу. І няхай гэтая ўдзячнасць сёння плыве з нашых сэрцаў, умацаваная заступніцтвам і разам з малітвай Найсвяцейшай Панны Марыі», — сказаў біскуп Віцебскі. Ён асаблівым чынам прывітаў прысутных на Імшы іерархаў: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і запрасіў узначаліць цэлебрацыю таксама юбіляра — Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які сёлета адзначыў залаты юбілей з дня нараджэння.
У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі перадусім звярнуў увагу на асаблівую моц, што мае ружанцовая малітва, да якой заклікае вернікаў Маці Божая.
«Малітва святога Ружанца з’яўляецца каралевай усіх малітваў. Гэта кароткая версія ўсяго святога Евангелля, бо паказвае нам Хрыста такім, якім Яго бачыла і перажывала Маці Божая на ўсіх этапах нашага збаўлення», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што з гэтай малітвы чэрпалі моц як шматлікія простыя людзі, так і многія славутыя асобы.
«Паколькі Марыя з’яўляецца Настаўніцай гэтай малітвы, мы можам быць упэўненымі ў тым, што, молячыся на ружанцы, атрымаем усе патрэбныя ласкі для нас, нашых блізкіх і ўсяго беларускага народа», — сцвердзіў біскуп-юбіляр.
У другой частцы гаміліі ён звярнуў увагу на значэнне сакрамэнту канфірмацыі на падставе Святога Пісання.
«Канфірмацыя завяршае хрост. <…> Калі ў хросце чалавек стаў дзіцем Божым, то ў канфірмацыі ён становіцца Божым воінам», — падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Усяго падчас святой Імшы сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі каля сямі дзястякаў юнакоў і дзяўчат, а таксама некалькі дарослых вернікаў з розных парафій Браслаўшчыны.
На заканчэнне Імшы біскуп Алег Буткевіч уручыў ганаровыя граматы арганізатарам і выкладчыкам летняй школы касцёльнага спеву, якая сёлета ўжо ў сёмы раз папярэднічала фэсту Валадаркі азёраў: арганістцы браслаўскай парафіі Іне Сапун, рэгенту хора праваслаўнай царквы Усіх Засмучаных Радасці ў Мінску Вользе Янум, а таксама дацэнту Беларускай акадэміі музыкі, старшыні секцыі касцёльнай музыкі ў складзе Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, галоўнаму арганісту архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску маэстра Уладзімру Неўдаху.
Удзельнікі школы спеву, якіх сёлета сабралася больш за 50, працавалі на працягу тыдня. Яны таксама спявалі падчас літургіі, надаўшы ёй асаблівае хараство і ўзнёсласць.