Пошук

07.08.2024 16:16   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адзначыў 50-гадовы юбілей з дня нараджэння.

З гэтай нагоды юбіляр, які нясе пастырскае служэнне ў Магілёўскім рэгіёне, узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Монсіньёр Кшыштаф Сэрока і больш за тры дзясяткі святароў з розных мясцін.

Павіншаваць біскупа Яшэўскага з юбілеем і атуліць яго ў гэты дзень сваёй малітвай у святыні сабраліся магілёўскія вернікі і госці.

Вітаючы прысутных, юбіляр перадусім патлумачыў духоўнае значэнне свята Перамянення Пана.

«Сёння я маю цудоўную магчымасць падчас урачыстай літургіі годна падзякаваць Пану за пяцьдзясят гадоў жыцця на гэтай зямлі і за маіх бацькоў, якія мяне нарадзілі», — дадаў іерарх.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп Станеўскі. Прывітаўшы напачатку ўсіх прысутных, арцыпастыр звярнуўся да біскупа Яшэўскага: «Сёння вы, Ваша Эксцэленцыя, святкуеце юбілей — залаты юбілей свайго жыцця, дадзенага вам Богам і прынятага вашымі бацькамі. Таму звяртаюся з падзякай да вашай любай мамы Ядзвігі, а праз веру ў лучнасць святых, малітоўна — да таты Гендрыга. Памятаем таксама аб сястры Наталлі і ўсіх, хто належыць да сям’і Яшэўскіх», — сказаў арцыбіскуп.

У наступнай частцы гаміліі на падставе літургічных чытанняў іерарх засяродзіўся на падзеі Перамянення Пана, адзначыўшы, што толькі Езус «можа даць нам сілы для перамены». Ён дадаў, што «ўсё жыццё — гэта працэс», і «толькі Бог вечны і нязменны ў сваім існаванні».

Далей арцыбіскуп Станеўскі нагадаў важнейшыя этапы жыцця і служэння Аляксандра Яшэўскага, пачаўшы з дня яго нараджэння ў Смаргоні 50 гадоў таму, 6 жніўня 1974 года. Арцыпастыр распавёў пра шлях паклікання, які прывёў юнага Аляксандра ў супольнасць салезіянаў святога Яна Боско, пра гады вучобы і служэння, напоўненага рознымі абавязкамі, якія юбіляру было даручана выконваць у супольнасці Касцёла.

«Наш юбіляр сёння Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пробашч парафіі, будаўнічы дома Божага і архітэктар лёсу чалавека. Аб яго ахвярнай працы ва ўсходняй частцы архідыяцэзіі ўсе добра ведаюць, таксама як і пра клопат аб парафіях і святынях Магілёўшчыны. Асаблівыя намаганні наш юбіляр прыкладае дзеля адраджэння Марыйнага санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай — аднаго з найстарэйшых у Беларусі. Там пакуль у маленькай, але ўтульнай капліцы ён набіраецца духоўных і фізічных сілаў, каб вырушыць у Рым на Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці як прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што біскуп Яшэўскі таксама нясе адказнасць за выхаванне і фармацыю семінарыстаў нашай краіны, з’яўляецца своеасаблівым «сувязным звяном» паміж епіскапатам і Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі, кіруе Катэхэтычным аддзелам і каардынуе працу дэканаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Шматлікія абавязкі дзеля збаўлення іншых, якія выконвае біскуп Аляксандр, не абмяжоўваюцца толькі „кабінетнай“ працай: наш юбіляр заўжды ў дарозе», — заўважыў іерарх.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў свайму сабрату ў дзень 50-годдзя з дня нараджэння «благаслаўлёнага падарожжа з Панам да новых абавязкаў і дасягненняў, да новых юбілеяў».

Напрыканцы святой Імшы юбіляр прымаў віншаванні ад прысутных.

Ад імя Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прамовіў намеснік Старшыні епіскапату біскуп Буткевіч. «Праз святарскае пакліканне і вось ужо дзевяць гадоў біскупскага служэння Бог дае вам бачыць патрэбы нашай зямлі — духоўныя патрэбы той зямлі, якая доўгі час была пазбаўлена духоўнай апекі.

І сёння, у гэты юбілей, хачу пажадаць, каб ваш позірк на гэтую зямлю, на людскія душы заўсёды быў такім, якім і ёсць: позіркам добрага пастыра. <…> Вам пашчасціла нарадзіцца ў гэтае цудоўнае свята Перамянення Пана, і таму жадаем, Эксцэленцыя, каб вашая паслуга, вашае слова, вашыя імкненні, намеры, талент дапамагалі людзям адкрываць прыгажосць і веліч хрысціянскай каталіцкай веры; бачыць веліч Божага Валадарства, якое вашай паслугай вы будуеце на гэтай зямлі», — выказаў пажаданне біскуп Алег Буткевіч.

Ад імя духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі юбіляра павіншаваў біскуп Касабуцкі, які перадусім выказаў падзяку яго бацькам за перададзены дар жыцця і выхаванне, а таксама заўважыў, што служэнне біскупа Яшэўскага ўжо прынесла і прыносіць шчодрыя плады. «І хацелася б сёння пажадаць, каб гэтыя плады павялічваліся, каб іх было яшчэ больш.

Хацелася б пажадаць моцнага здароўя, палымянай добразычлівай усмешкі, якая заўсёды ёсць на вашым твары і дзякуючы якой проста, без ніякіх словаў, мноства людзей могуць знайсці сцяжынку да Хрыста», — пажадаў свайму сабрату ў пастырскім служэнні біскуп Юрый Касабуцкі.

Архімандрыт Гаек ад імя Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі падзякаваў юбіляру за падтрымку і супольнае сведчанне еднасці хрысціянаў на Магілёўшчыне. Монсіньёр Сэрока ад сябе асабіста і ад імя Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча павіншаваў біскупа Яшэўскага з юбілеем, пажадаўшы яму «моцнай і палымянай веры, каб у кожным моманце жыцця вы імкнуліся ўбачыць, захаваць і памножыць Божыя ласкі, якімі Пан у сваёй бясконцай дабрыні вас адорвае».

Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах ксёндз канонік Андрэй Далянскі выказаў віншаванні з юбілеем і пажаданні ад імя духавенства Магілёўскага рэгіёна.

«Няхай ад вас заўсёды сыходзіць ззянне Хрыста, Хрыстовага бляску», — пажадаў ксёндз Андрэй, праводзячы паралел са святам Перамянення Пана, і да віншаванняў разам са святарамі Магілёўшчыны далучыў «букет» святых Імшаў у інтэнцыі юбіляра.

Ад імя сабратоў салезіянаў біскупа Яшэўскага павіншаваў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, а ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі — сястра Марцэліна Мігач ISSM і ксёндз Віталій Чабатар CMF.

Віншавалі пастыра таксама салезіяне супрацоўнікі, свецкія вернікі, дзеці і моладзь з Магілёва, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

Словы віншавання прамовілі галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Любчанка, начальніка аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Ігнаценка, а старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін зачытаў віншавальны адрас ад сатршыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерыя Малашкі.

На заканчэнне, дзякуючы ўсім за супольную малітву і віншаванні, біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў: «Разам з усімі вамі я вельмі рады сёння святкаваць юбілей 50-годдзя з дня нараджэння і дзякаваць Табе, Ласкавы Божа, за тое што працягваеш выбіраць, клікаць, благаслаўляць і перамяніяць свайго сына.

У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога», — сказаў залаты юбіляр.

Пасля Імшы ў крыпце старадаўняй магілёўскай катэдры для гасцей быў арганізаваны святочны прыём.

Больш фота са святкавання  — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

Абноўлена 08.08.2024 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця