Пошук

16.08.2024 21:35   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У другой палове дня ў санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе прыбылі пілігрымы для ўдзелу ў традыцыйным фэсце, які сёлета адбываецца ў 25-гадовы юбілей Віцебскай дыяцэзіі.

На прыступках, што вядуць да касцёла, іх віталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, кусташ санктуарыя.

Першымі прыехалі на роварах удзельнікі велапілігрымкі з Мёраў.

На чале з вікарыем мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксяндзом Алегам Зямчонкам 14 пілігрымаў на «жалезных конях» за некалькі гадзін пераадолелі 40 кіламетраў.

За імі ў санктуарый прыйшло сямёра ўдзельнікаў экстрэмальнай пакутніцкай пілігрымкі з Удзела, арганізаванай айцамі францішканамі. На чале з айцом Віктарам Мялешкам OFMConv яны за чатыры дні пераадолелі 120 кіламетраў, часта ідучы па бездарожжы.

Пілігрымы прайшлі гэты шлях у поўным маўчанні, несучы на сабе ўсе свае рэчы і крыжы.

Увайшоўшы ў касцёл, яны ад уваходу прайшлі да абраза на каленях, пасля чаго паклаліся крыжам перад алтаром, даручаючы Маці Божай свае малітоўныя інтэнцыі.

…Нарэшце здалёк пачалі даносіцца гукі рэлігійных спеваў. Гэта набліжалася да санктуарыя пілігрымка з Глыбокага, у якой сёлета ішлі каля 90-а ўдзельнікаў. За тры дні яны пераадолелі каля 80-і кіламетраў. У апошні дзень дарогі апоўдні іх ужо сустракаў біскуп Буткевіч, які разам з пілігрымамі памаліўся ў касцёле ў Ахрэмаўцах і пачаставаў іх марозівам.

На прыступках перад браслаўскай святыняй кіраўнік пілігрымкі ксёндз Мікалай Ціхановіч, пробашч глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы, сказаў біскупу, што ў дарозе пілігрымы маліліся за Віцебскую дыяцэзію, за ўсіх яе вернікаў і пастыра, дзякуючы Богу за 25 гадоў яе існавання.

Хлопчык з дзяўчынкай, маленькія ўдзельнікі пілігрымкі, перадалі біскупу Буткевічу ружанец, зроблены рукамі глыбоцкіх пілігрымаў.

Іерарх з пашанай яго прыняў з рук дяцейі і пацалаваў, аддаючы пашану Езусу Хрысту і Яго Найсвяцейшай Маці.

 

Абноўлена 16.08.2024 21:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа