Пошук

06.08.2024 13:07   Тэкст: Ганна Навіцкая / Фота: Ганна Клімовіч / Catholic.by

3 жніўня ў парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) адбыўся чацвёрты фестываль-рэкалекцыі Novafest, лейтматывам якога сёлета стала цытата з Паслання да эфесцаў: «Аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека» (пар. Эф 4, 23–24).

Фестываль традыцыйна распачаўся раніцай з рэгістрацыі гасцей і ўдзельнікаў пад цудоўныя спевы ў духу Tаizé ў выкананні барда Вольгі Хілько, музычнага кіраўніка Анастасіі Усніч і шэрагу ўдзельнікаў гурта праслаўлення «Verbum Dei» («Слова Божае»). Сёлета на фестываль завітала каля пяцісот удзельнікаў з усіх дыяцэзій Беларусі.

Праграма фестывалю ўключала Імшу, канферэнцыі, Вяночак, малітву спевам, сведчанні, крыжовы шлях, ружанец, адарацыю, благаслаўленне.

Перад святой Імшойм усе ахвотныя маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам фестывалю розныя лакацыі: фотазону, інфацэнтр, дзіцячую пляцоўку, Казіміраўскую пошту, пакой маці і дзіцяці.

У святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, таксама ўдзельнічалі пробашч парафіі святога Казіміра ва Уселюбе ксёндз Віталь Цыбульскі, айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца, ксёндз Яўген Амасёнак з Гродна і ксёндз Андрэй Пышынскі з Казлоўшчыны.

«Важна, што сённяшняе мерапрыемства прысвечана Багародзіцы Марыі. Гэта спраўды вялікая радасць пачуць ў рэфрэне сённяшняга псальма, што „Ты — хвала нашага народа».

Жадаю, каб асабісты дотык Духа Святога адбыўся ў сэрцы кожнага з прысутных. Няхай гэтая ўрачыстасць, гэтае месца, гэтае прыгожае надвор’е гэтаму пасадзейнічаюць», — адзначыў ксёндз Юрый у гаміліі.

Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляюцца канферэнцыі. На першай з іх ксёндз Яўген Амасёнак разважаў на тэму новага жыцця. «Вельмі часта мы не хочам узяць адказнасць за сваё жыццё: перакладаем яе на Бога, на лёс або знешнія абставіны, на іншых людзей.

А магчыма, Бог чакае ад нас толькі аднаго: пераасэнсаваць сваё жыццё і апрануцца ў новага чалавека, а менавіта ў чалавека, які жыве кожным днём, прымае адказныя рашэнні і не баіцца зрабіць крок наперад», — адзначыў ксёндз Яўген.

Тэма канферэнцыі францішканіна з Івянца айца Яўгена Голуба гучала «З Марыяй — да новага жыцця». Айцец Яўген расказаў пра характэрныя рысы Марыі, адна з якіх — сузіранне. Францішканін патлумачыў, што гэта значыць «глядзець гэтаксама, глядзець з таго самага вугла, калі Бог дазваляе нам паглядзець на наша жыццё так, як глядзіць Ён».

Духоўныя агеньчыкі сведчанняў працягваюць запальвацца на фестывалі. У гэтым годзе сведчаннямі дзяліліся Анастасія Вайцішкіна з Гродна і валанцёр фестывалю Алена Русецкая з Мінска.

Крыжовы шлях — гэта, з аднаго боку, успамін пакутнай дарогі Езуса на Галготу, дзе Ён быў укрыжаваны. З другога, гэта своеасаблівы тып малітвы, гэта блізкая сустрэча чалавечага сэрца з пакутамі Езуса на крыжы. Гэта спроба паяднацца з Ім у Яго болю. Падчас гэтага набажэнства ўдзельнікі разважалі таксама і пра сваё жыццё, пра свой крыж, свае пакуты, просячы ў Езуса дапамогі.

Сёлета падчас крыжовага шляху ўдзельнікі разважалі над пакутай Пана ў кантэксце штодзённага жыцця.

Тэксты да кожнай станцыі ствараліся ўдзельнікамі моладзевага тэатра сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены «За руку з Хрыстом» на аснове рэальных жыццёвых гісторый.

Калі людзі разважалі над гэтымі сітуацыямі, духоўна пражывалі іх, у іх сэрцах нараджалася прага суцяшэння, бо суцяшэнне — гэта першы крок да ацалення нашых збалелых сэрцаў.

На фестывалі дзейнічала «Казіміраўская пошта», сутнасць якой — зрабіць матэрыяльны і духоўны падарунак бліжняму. Гэта таксама сведчанне веры, знак увагі і любові да чалавека, знак малітоўнай падтрымкі. Важна далучыць да паштоўкі малітву ў інтэнцыі адрасата, каб духоўная каштоўнасць гэтага падарунка ўзрастала. З фестывалю паляцелі паштоўкі ў Баранавічы, Браслаў, Гродна, Жыткавічы, Ліду, Мінск, Пружаны, Слонім і іншыя беларускія гарады, аграгарадкі і вёскі, а таксама за мяжу.

Сёлета арганізатары прапанавалі ўдзельнікам посткросінг.

Вось як гэта працавала. Напачатку трэба было набыць паштоўку, потым адвольна выбраць адрас, куды будзе высылацца паштоўка, і напісаць на паштоўцы малітоўнае прывітанне з Уселюба. У тэксце паштоўкі чалавек мог указаць свой адрас на выпадак, калі адрасат пасля атрымання гэтай паштоўкі захоча адказаць.

Сёлета серыі паштовак не абнаўляліся. Аднак юныя мастакі прывозілі на фестываль свае малюнкі, пакідалі іх арганізатарам, каб у будучым яны ператварыліся ў паштоўкі. Усяго ўжо ёсць дзве серыі паштовак: першая створана з фотаздымкаў Віктара Ведзеня, якія суправаджаюцца слупком з верша паэтэсы, валанцёра фестывалю і сёлетный вядучай Алены Казловіч-Усцілоўскай «Уселюб», другая — з малюнкаў дзяцей у межах праведзенай у мінулым годзе акцыі. Казіміраўская пошта пастаянна дзейнічае пры парафіі. Любы наведвальнік, пілігрым можа або проста набыць у парафіяльнай краме паштоўку для сябе або набыць, падпісаць, пакінуць у краме, адкуль яна будзе выслана адрасату.

Для малодшых удзельнікаў фестывалю валанцёр Алена Русецкая арганізавала і правяла ў касцёле дзіцячы інтэрактыўны спектакль. У ім апавядалася пра тое, як Анёл ахоўнік прыляцеў у госці і расказаў, як цудоўна з ім сябраваць, як цудоўна, калі дзеткі моляцца, спяваюць пра Бога і для Бога, робяць добрыя ўчынкі.

Музычнае суправаджэнне святой імшы і адарацыі ажыццяўляў гродзенскі гурт праслаўлення Open. Вяночак да Божай Міласэрнасці правялі бард Вольга Хілько і гурт праслаўлення «Verbum Dei». Ужо другі год музыкі радуюць прысутных «танцамі Давіда». «Танцы Давіда» — адна з форм праслаўлення Бога, натхнёная Святым Пісаннем.

На сёлетнім фестывалі былі і незвычайныя госці: шаснаццаць удзельнікаў велаклуба «Ровар», які дзейнічае пры ашмянскай парафіі. Дарэчы, веласіпедысты-пілігрымы ўжо не ўпершыню наведваюць Уселюб і штогадовы фестываль-рэкалекцыі.

На фестывалі былі таксама прадстаўнікі руху «Эхад» з Гродна, моладзь з «Carlo Club» (клуб, натхнёны асобай благаслаўлёнага Карло Акуціса), а таксама вялікая група прадстаўнікоў Альфа-курса з Мінска.

Арганізатары выказваюць словы шчырай падзякі ўсім, хто браў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.

Сёлетні Novafest — гэта каманда, у якой разам працавалі больш за 40 валанцёраў з усёй краіны, дзеці валанцёраў, парафіяне з Уселюба і Навагрудка, а таксама шмат людзей добрай волі, якія малітвай, словам, дзеяннем дапамагалі ў арганізацыі. Дзяўчына са Шчучына Кацярына Кулік зрабіла з нагоды фестывлю ўселюбскай парафіі падарункі, якія можна было набыць за ахвяраванне: вязаныя сэрцы. Сэрца і рука — сімвал сёлетняга фестывалю, з дапамогай якога арганізатары паказалі Маці Божую Новага Жыцця, якая трымае сваю руку ля Сэрца Дзіцяці ва ўлонні.

  • Удзельнікі фестывалю могуць пакінуць свой водгук і любую зваротную сувязь па спасылцы ТУТ>>>

 

Абноўлена 06.08.2024 17:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.