Пошук

31.07.2023 14:16   Тэкст: Ганна Навіцкая / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

29 ліпеня ў парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) прайшоў трэці фестываль-рэкалекцыі Novafest, лейтматывам якога сёлета сталі словы з Паслання святога апостала Паўла да эфесцаў: «Адно цела і адзін дух» (Эф 4, 4).

Фестываль распачаўся з рэгістрацыі гасцей і ўдзельнікаў.

Сёлета ва Уселюбе сабраліся ўдзельнікі з усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама з Масквы.

Усіх прысутных шчыра прывітаў галоўны арганізатар мерапрыемства, пробашч уселюбскай парафіі ксёндз Віталій Цыбульскі.

Святар падкрэліў, што назва Novafest паходзіць ад слова «новы» і звязана з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, якая ва Уселюбе ўшаноўваецца як Маці новага жыцця.

«Novafest — гэта адраджэнне; гэта новае праслаўленне Бога праз Марыю. Самы шчаслівы момант — быць запрошанымі да стала, які накрывае для нас Пан. Гэта стол ахвяры; гэта стол сапраўднай любові, бо сапраўдная любоў — гэта тая, якая аддае. І мы хочам тут быць ахвярнымі, вучыцца служыць, як гэта рабіла ціхая і пакорная Марыя, наша Нябесная Мама», — адзначыў ксёндз Віталій.

У прамоўленай на Імшы гаміліі айцец Віталь Слука, піяр з Ліды, зазначыў, што Бог жадае адзінства ўсіх людзей, і заахвоціў вучыцца гэтаму ў Найсвяцейшай Тройцы, беручы прыклад з апосталаў.

«Праблема еднасці існавала і ў апосталаў; яна ёсць і ў сучасных сем’ях, і ў розных супольнасцях.

Важна слухаць, разумець адзін аднаго, пазбаўляцца ад эгаізму, не лічыць сябе лепшымі, адчуваць, што я патрэбны людзям і людзі патрэбныя мне. Важна памятаць, што мы яднаемся адзін з адным праз Езуса, якога прымаем у постаці хлеба», — падкрэсліў святар.

Глыбей паразважаць на тэму еднасці дапамагалі на канферэнцыі ксёндз Яўген Шымановіч з Оршы (Віцебская дыяцэзія) і сястра Ігнацыя Чаеўская з супольнасці місіянерак Святой Сям’і. Святар падкрэсліў неабходнасць паслухмянасці Святому Духу, які накіроўвае сэрца чалавека, а сястра Ігнацыя нагадала пра важнасць здаровых адносін у сям’і.

З удзельнікамі фестывалю сваімі сведчаннямі падзяліліся прадстаўнікі беларускага рэгіёна міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame Аліна і Максім Угорычы з Мінска, сястра Фаўстына Адамовіч з Кангрэгацыі сясцёр місіянерак Святой Сям’і з Баранавічаў, бард Вольга Хілько, валанцёр Алена Русецкая, Алёна і Дзмітрый Шаршунс з Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Аб важнасці прабачэння — адказнай і неабходнай умовы на шляху да адзінства — можна было пачуць на Крыжовым шляху прабачэння, які падрыхтавалі ўдзельнікі моладзевага тэатра «За руку з Хрыстом» парафіі святога Сымона і святой Алены з Мінска. Удзельнікі руху «Легіён Марыі» правялі для сабраных супольную малітву Ружанца.

Сёлета ва Уселюбе зноў дзейнічала «Казіміраўская пошта», адкрыццё якой адбылося на леташнім фестывалі.

Сутнасць пошты — зрабіць матэрыяльны і духоўны падарунак бліжняму, даслаўшы яму адмысловую паштоўку, і такім чынам даць сведчанне веры, знак увагі і любові да чалавека, знак малітоўнай падтрымкі.

Да паштоўкі прапануецца дадаць малітву ў інтэнцыі адрасата, каб узрасла духоўная каштоўнасць гэтага падарунка. З фестывалю паляцелі паштоўкі ў Баранавічы, Вілейку, Гродна, Дзяржынск, Лагойск, Ліду, Мінск, Ракаў, Смаргонь і іншыя беларускія гарады, мястэчкі і вёскі, а таксама за мяжу.

Сёлета арганізатары прапанавалі дзве серыі паштовак: першая была складзена з фотаздымкаў Віктара Ведзеня, якія суправаджаліся слупком з верша паэткі і валанцёра Алены Казловіч-Усцілоўскай «Уселюб», а другая — з малюнкаў дзяцей на тэму Уселюба. Аўтары малюнкаў былі ўзнагароджаны падарункамі і паштоўкамі, малюнкі да якіх яны стварылі. На фестывалі была арганізавана выстава большай часткі малюнкаў, якія прыйшлі на адрас уселюбскай парафіі.

У гэтым годзе для малодшых удзельнікаў фестывалю была арганізавана дзіцячая зона з цікавымі цацкамі, гульнямі, маляванкамі, а таксама падрыхтаваны цікавы квэст «Гадзінка з Марыяй» на аснове Марыйных аб’яўленняў.

Падчас квэсту дзеці даведаліся пра асаблівасці кожнага з аб’яўленняў, суцешылі Марыю добрымі словамі і ўчынкамі, праявілі спрыт і кемлівасць падчас конкурсаў.

У стварэнні малітоўнай атмасферы на фестывалі дапамаглі музыканты з розных мясцін. Падчас святой Імшы спяваў парафіяльны гурт з парафіі святога Мікалая ў Міры (Карэліцкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія). Правялі Вяночак да Божай Міласэрнасці і ўпрыгожылі адарацыю спевамі бард Вольга Хілько, Антон Юхнавецкі і гурт «Міхаэлькі» з Мінска. Яны прыгожа праславілі Бога танцам і навучылі гэтаму ўсіх ахвотных, якіх было нямала.

На сёлетнім фестывалі-рэкалекцыях былі прадстаўлены мерчы ў выглядзе футболак і шопераў з выявай неба. Неба — гэта канцэпцыя фестывалю і вобраз Божага Валадарства, што з’яўляецца мэтай кожнага хрысціяніна.

Удзельнікі фестывалю могуць пакінуць свае водгукі і пажаданні па спасылцы ТУТ>>>

Абноўлена 31.07.2023 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.