Пошук

19.12.2024 12:02   Тэкст: Дамінік Запаснік / Фота: з архіву парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку / Catholic.by

14 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску адбылося ўрачыстае ўручэнне дыплому парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) па выніках XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь 2024» у намінацыі «Аб’ект рэлігійнага турызму года».

У конкурсе па гэтай намінацыі прыняло ўдзел каля 200 святынь розных канфесій з усёй Беларусі.

Адпаведны дыплом і памятны падарунак атрымаў пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын, які разам са сваімі парафіянамі вельмі шмат зрабіў для таго, каб святыня ў горадзе Міцкевіча стала не толькі важным духоўным цэнтрам, але таксама значным культурным асяродкам і прыцягальным аб’ектам для турыстаў.

Сёлета адзначалася 400-годзе касцёла, і ў межах святкавання гэтага юбілею на прауягу года тут абылося шмат значных падзей: адкрыццё адноўленай крыпты-капліцы святога Дамініка і біскупа Віта — аднаго з найстарэйшых некропаляў у Беларусі, унясенне ў святыню рэплікі гістарычнай іконы Маці Божай Навагрудскай, якую называлі Замкавай, а таксама выставы, конкурсы, канцэрты і іншыя мерапрыемствы.

Акрамя таго, пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навгарудку ўжо не адзін год дзейнічае рэкалекцыйны дом, які рэдка калі пустуе.

Конкурс «Пазнай Беларусь 2024» праводзіўся па 13-і розных намінацыях.

Сярод задач конкурсу — стымуляванне развіцця турыстыкі ў Беларусі, адзначэнне за ўнёсак у развіццё падарожжаў па краіне, прыцягненне ўвагі да турыстычных аб’ектаў, прыцягненне насельніцтва да актыўных формаў адпачынку, прапаганда здаровага ладу жыцця, папулярызацыя гістарычных славутасцяў, культурнага і прыроднага спадчыны Беларусі, павышэнне прэстыжу прафесій, занятых у турыстычнай індустрыі, стымуляванне выкарыстання сучасных тэхналогій у турызме.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.