Пошук

16.07.2024 15:55   Тэкст: Крысціна Ефімовіч / Фота: Ірына Фаміна / Catholic.by

З 12 па 14 ліпеня ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбывалася сустрэча валанцёраў парафіяльных суполак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Першая сустрэча валанцёраў адбылася летась у Нясвіжы, а сёлета праходзіла ў Маладзечне.

Чарговая сустрэча стала важнай і пазітыўнай падзеяй для ўсіх яе ўдзельнікаў, якія прыехалі з Заслаўя, Лагойска, Мінска, Нясвіжа і Стоўбцаў.

Сустрэча распачалася ўвечары са святой Імшы ў касцёле святога Піо, якую цэлебраваў брат Андрэй Жылевіч OFMCap. Валанцёры на працягу трох дзён абменьваліся вопытам і ідэямі, дзяліліся сваімі планамі і праграмамі для падтрымкі тых, каму патрэбна дабрачынная дапамога.

Адным з цікавых момантаў сустрэчы стала экскурсія па мясцовасці. Валанцёры адкрылі для сябе новыя мясціны, даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра гісторыю і культуру горада Маладзечна, а таксама пазнаёміліся з працамі студэнтаў і выпускнікоў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага. Гэта была ўнікальная магчымасць паглыбіць свае веды і пазнанне ў галіне мастацтва. Увечары ўсіх чакалі танцы ў стылі «этна», гульні і смачная вячэра.

Арганізатарамі сустрэчы сталі валанцёры Caritas маладзечанскай парафіі святога Казіміра пад кіраўніцтвам меншых братоў капуцынаў.

У выніку сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Маладзечне дапамагла зблізіць людзей, пабудаваць моцныя сувязі паміж валанцёрамі для дальнейшай працы.

Такія сустрэчы маюць важную ролю ў развіцці валанцёрства і духоўнага развіцця. Яны дапамагаюць валанцёрам адчуць сябе часткай вялікай супольнасці, падтрымліваюць іх у далейшай працы на карысць іншым людзям. Сустрэча ў Маладзечне стала яскравым прыкладам таго, як валанцёры могуць аб’яднацца для супольнага дабра і стварэння лепшага свету.

Водгукі ўдзельнікаў

Ірына Фаміна (Маладзечна, каардынатар парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі):

— Такія сустрэчы даюць ўдзельнікам магчымасць пазнаёміцца адно з адным, падзяліцца сваімі гісторыямі, досведам валанцёрскай дзейнасці, абмеркаваць магчымыя сумесныя праекты і ініцыятывы, якія могуць быць рэалізаваныя ў будучыні для падтрымкі мясцовай супольнасці.

Гэтая сустрэча стала важным крокам у наладжванні сувязяў паміж валанцёрамі і ўмацаванні іх супольнасці. Удзельнікі атрымалі новыя веды, натхненне і матывацыю для далейшай працы на карысць іншых.

Алеся Гедройц (Мінск, парафія Найсвяцейшага Імя Марыі — катэдра):

— Вельмі ўдзячныя арганізатарам сустрэчы валанцёраў у Маладзечна. Гэта было так па-сяброўску цёпла, весела і разнастайна. Такія сустрэчы даюць магчымасць зразумець, што валанцерскі рух Сaritas аб’ядноўвае разнастайных, моцных і неверагодгых людзей. Дзякуй Богу за такую магчымасць!

Ганна Бычынская (Стоўбцы, парафія святога Казіміра):

— Актыўныя, крэатыўныя, заўсёды маладыя душой, шчырыя людзі, якія любяць сваю Радзіму, ведаюць яе гісторыю, берагуць спадчыну і заўсёды радыя падзяліцца з бліжнімі цеплынёй сэрцаў, досведам, добрым настроем, дапамагчы ў цяжкую хвіліну, падарыць імгненні радасці. Гэта валанцёры Caritas вельмі прыгожага касцёла святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Так трымаць!

Дзякуем усім, хто быў разам з намі падчас сустрэчы: арганізатару Ірыне Фаміной, экскурсаводам Таццяне Шумель і Лізавеце Чырвонцавай, майстру па танцах Наталлі Чырвонцавай, паварам, валанцёрам і, зразумела, святару, брату Андрэю Жылевічу.

Вольга Мішчук (Лагойск, парафія святога Казіміра):

— Вялікі дзякуй за цудоўны час, праведзены ў Маладзечне! Вельмі прыемна сустракацца з людзьмі, падобнымі па духу і каштоўнасцям.

Такія сустрэчы важныя: дзяленне вопытам, падтрымка, парады, заёмства. Дзякуй таксама за адпачынак, які дазволіў духоўна аднавіцца, напоўніцца сіламі і энергіяй для далейшага служэння.

Таццяна Суслава (Нясвіж, парафія Божага Цела):

— Гэта былі цудоўныя выходныя ў Маладзечне! Эмоцыі праз край: нас смачна кармілі, вадзілі на экскурсіі, вучылі беларускім танцам і дарылі падарункі. Асабліва запомніўся пікнік і танцы. Вялікі дзякуй брату Андрэю і арганізатарам. Дзякуй вам за ўсё!

 

 

Абноўлена 16.07.2024 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа