Пошук

04.07.2024 22:12   Фота: Кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

Сёлета ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць 5 і 6 ліпеня. Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавёў Catholic.by яго галоўны арганізатар, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Перадусім святар раіць усім, хто збіраецца ў гэтыя дні ў Будслаў, добра пазнаёміцца з праграмай сёлетняга фэсту, а таксама звярнуць увагу на важныя арганізацыйныя моманты.

  • Пешыя пілігрымы будуць размяшчацца ў намётавым гарадку на полі каля вёскі Палессе, як звычайна.
  • Тым, хто збіраецца на свята на ўласным аўтатранспарце, трэба ведаць, што машыну давядзецца пакінуць на паркоўцы і да Будслава ісці пешкі. З боку Крывічоў паркінг арганізуецца ў вёсцы Палессе, з боку Даўгінава — на ўездзе ў мястэчка, каля знаку «Будслаў».
  • Для аўтобусаў і аўтамабіляў, нумары якіх былі загадзя перададзены арганізатарамі ў ДАІ, арганізаваны паркінг каля касцёла. Трапіць на яго можна толькі праз уезд у мястэчка з боку Крывічоў, праз вёску Палессе.
  • Праход да касцёла адбываецца толькі праз пункты пропуску, дзе ўсе без выключэння праходзяць асабісты дагляд супрацоўнікамі служб бяспекі. Забараняецца праносіць з сабой колючыя і рэжучыя прадметы, піратэхніку, лёгкаўзгаральныя і іншыя небяспечныя рэчывы, прадукцыю ў шкляной і металічнай тары, алкаголныя напоі.
  • Да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у галоўным алтары базылікі можна будзе падысці праз цэнтральны ўваход у касцёл, выхад — праз бочныя навы. Магчымасць памаліцца перад абразом у касцёле будзе на працягу ўсяго фэсту, у тым ліку і ўначы.

Аднак катэгарычна забараняецца размяшчаць на падлозе ў святыні рэчы, раскладаць дыванкі і займаць праходы.

  • Доступ за баляскі і ў стары касцёл цалкам закрыты.
  • Малітоўныя інтэнцыі будуць запісвацца ў касцёле. Лепш загадзя падрыхтаваць запісаныя на лістку інтэнцыі і перадаць іх разам з ахвяраваннем адказным асобам у касцёле.

  • Асвячоную ваду падчас фэсту ў Будславе можна будзе набраць у свой посуд за студняй і брамай з левага боку ад касцёла (на фота вышэй).
  • Споведзь падчас фэсту будзе адбывацца як звычайна, у закрытых ад камароў намётах за плябаніяй.

Ахвяраванні на патрэбы рамонту можна будзе пакінуць у касцёле.

Перад фэстам ксёндз Дзмітрый Дубовік звярнуўся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб малітоўнай і фінансавай падтрымцы далейшых этапаў аднаўлення Будслаўскай святыні пасля пажару, які здарыўся тут тры гады таму.

  • У пятніцу 5 ліпеня ў Будславе для ўдзельнікаў фэсту дзейнічае дыспенсацыя (вызывленне) ад абавязку спажывання мясных страваў.
  • Бясплатныя туалеты для ўдзельнікаў урачыстасці знаходзяцца з правага боку ад касцёла, за плябаніяй, а таксама далей, на полі каля паркоўкі аўтобусаў, за пунктам пропуску на вуліцы Чкалава.
  • Падчас фэсту ў Будславе з высокай доляй верагоднасці будуць сур’ёзныя перабоі з мабільнай сувяззю і доступам у сеціва, што неабходна ўлічваць, плануючы сваё прабыванне.
Абноўлена 10.07.2024 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа