Пошук

14.06.2024 12:03   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з архіву

14 чэрвеня, калі ва ўсіх школах Беларусі праходзяць выпускныя вечары, Адказны за душпастырства моладзі пры ККББ і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, віншуе выпускнікоў і кіруе ім словы заахвочвання на далейшы жыццёвы шлях.

Заўтра будзе новы дзень!

Любая моладзь! Дарагія выпускнікі! Настаўнікі і бацькі!

Згодна з календаром, сёння адзначаецца выпускны. Таму віншую вас з гэтым святам.

З гэтай нагоды, калі вы яшчэ сядзіце за школьнай лаўкай, а заўтра ўжо будзе новы дзень, дазвольце нагадаць вам словы юнака з Евангелля, якімі ён звярнуўся да нашага Настаўніка Езуса Хрыста, магчыма, у свой «выпускны»: «Настаўнік добры, што мне зрабіць…?» (Лк 18, 18).

Дарагая моладзь, жыццё — гэта дарога. Кожны новы дзень — гэта яшчэ адзін крок у кірунку пазнання і рэалізацыі вашых задумаў і мараў. Як ісці, каб не памыліцца і не шкадаваць?..

Кажуць, што ёсць тры дарогі: дарога роздуму, якая з’яўляецца найбольш высакароднай. Дарога пераймання, якую лічаць самай простай. І, нарэшце, дарога досведу, якая з’яўляецца пакутлівай, бо чалавек вучыцца на сваіх памылках.

Мае дарагія маладыя сябры! Якую дарогу выбіраеце вы?

Звяртаючыся да вас, хачу пажадаць вам крочыць па жыцці дарогай Евангелля. Добрая Навіна Езуса Хрыста заўсёды маладая, новая.

Таму шукайце і размаўляйце, дыскутуйце і параўноўвайце, вучыцеся і маліцеся, пытайцеся і райцеся са старэйшымі і слухайце іх; шукайце прыкладу для сябе ў святыні Пана. Няхай вашым ведам і здольнасцям здзіўляецца асяроддзе, а вашай прыгожай мове вучацца дзеці.

Бо, як піша Папа Францішак у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Christus Vivit, сённяшні свет, як ніколі дагэтуль, патрабуе энтузіязму, ідэяў і веры маладога чалавека (пар. ChV, 299).

Жадаю вам, бацькі, адважных, веруючых дзяцей. Вам жа, моладзь, жадаю, каб ніколі не забывалі свайго дому і памяталі пра бацькоўскі наказ: жыць у сяброўстве з Богам.

І яшчэ. Любая моладзь! Практычна ў кожным горадзе на Беларусі ёсць касцёл, святар, моладзевыя сустрэчы. Таму ў першыя дні свайго жыцця на новым месцы знайдзіце дарогу да Бога, не адкладайце на пазней, на час іспытаў.

У сваім новым асяроддзі будзьце сапраўднымі вучнямі Хрыста і памятайце: вас пасылае Бог да тых, хто Яго яшчэ не сустрэў, таму не саромцеся сваёй веры, а дазвольце вашым аднагодкам сустрэць у вас Хрыста.

Няхай усіх вас на новай дарозе благаславіць Бог Усемагутны † Айцец † і Сын, і † Дух Святы.

З малітвай за ваш новы дзень,

Старэйшы сябра

Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Адказны за душпастырства моладзі пры ККББ
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 14.06.2024 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.