8 чэрвеня ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адылася другая агульнабеларуская сустрэча ўдзельнікаў касцёльнага руху Рыцарства Беззаганнай.
Сёлета ў сустрэчы акрамя гаспадароў бралі ўдзел рыцары з Глыбокага, Гродна, Дзеркаўшчыны, Мёраў і Удзела.
Наймалодшым удзельнікам сустрэчы быў 11-гадовы хлапчук з Івянца, а найстарэйшым — 86-гадовая жанчына з Удзельскай парафіі. Самы вялікі «стаж» рыцара меў Генрых Бондар з Гродна, які далучыўся да руху яшчэ ў 1989 годзе.
Рыцарства Беззаганнай (Militia Immaculatа) — Марыйны касцёльны рух, створаны ў кастрычніку 1917 года святым Максімільянам Марыяй Кольбэ. Яго мэта — навяртанне грэшнікаў, а таксама асвячэнне душаў вернікаў праз заступніцтва Беззаганнай.
Праграма сустрэчы, якая сабрала разам рыцараў з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіі, а тасама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, была насычанай і разнастайнай не толькі ў рэлігійным, але ў адукацыйным і культурным плане.
Сустрэча распачалася ў касцёле святога Аляксея з ружанцовай малітвы і чэрвеньскага набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое завяршылася прысвячэннем Рыцарства Беззаганнай Сэрцу Пана Езуса.
Перад Найсвяцейшым Сакрамантам Акт прысвячэння прачытаў айцец Яраслаў Марыя Банасяк OFMConv, Нацыянальны асістэнт па справах Рыцарства Беззаганнай ў Беларусі і гвардыян кляштара айцоў францішканаў у Удзеле.
Потым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца, а гамілію прамовіў айцец Яраслаў Банасяк.
Падчас Літургіі адбыўся абрад урачыстага ўступлення ў Рыцарства Беззаганнай новых кандыдатаў, якія з рук айца Яраслава атрымалі медалікі.
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы скіраваліся ў кляштар святога Антонія Падуанскага, дзе чакаў смачны абед ад айцоў францішканаў. Пасля пасілку наведалі Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Там пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця мястэчка, яго знакамітымі людзьмі. Цікавасць у наведвальнікаў музея выклікалі майстар-класы па ткацтве і ганчарству.
А 15-й гадзіне ў капліцы Няспыннай адарацыі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, які завяршыўся актам прысвячэння Беззаганнай Панне Марыі паводле святога Максімільяна Марыі Кольбэ.
Праграму сустрэчы ў касцёле святога Міхала Арханёла працягнуў гістарычны экскурс пра будаўніцтва і лёс івянецкіх касцёлаў, а таксама пра гісторыю айцоў францішканаў у мястэчку.
Рыцары пазнаёміліся з біяграфіяй і мучаніцтвам францішканскіх благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, якія прынялі смерць у гады Другой сусветнай вайны, і ўшанавалі іх рэліквіі.
Пасля невялікага адпачынку рыцары сабраліся ў катэхетычнай зале, каб падвесці вынікі сустрэчы і абмеркаваць бягучыя пытанні. У ходзе фармацыйнага дыялогу айцец Яраслаў Банасяк прадставіў удзельнікам літаратуру пра Рыцарства і культ Беззаганнай, узгадаў пра абавязак рыцараў расказваць людзям пра цудадзейны медалік і выкарыстоўваць для справы Беззаганнай усе магчымыя сродкі — малітву, пакаянне і прыклад хрысціянскага жыцця.
Падсілкаваўшыся вячэрай, вырушылі ў зваротны шлях. Ахвотныя наведалі месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня ў Баравікоўшчыне, дзе памаліліся аб іх заступніцтве.
Па дарозе дадому схіліліся ў малітве перад абразом благаслаўлёных мучанікаў ў касцёле святога Юрыя ў Пяршаях — апошнім месцы іх святарскга служэння.
Ахвотныя далучыцца да Рыцарста Беззаганнай могуць звяртацца да айца Яраслава Марыі Банасяка OFMConv па па тэл.:
+375 (33) 696 57 17 (Viber; Telegram).