Пошук

01.10.2024 13:24   Паводле: francishkanie.by / Фота: francishkanie.by / Catholic.by

29 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў касцёле святога арханёла Міхала ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат).

Паколькі сёлета свята святых арханёлаў прыпала ў нядзелю, якая як «малая Пасха» мае літургічнае першынство, урачыстасць адзначалася толькі ў касцёлах, якія маюць тытул святога Міхала, а такіх у нашай краіне нямала. Нездарма Князь войскаў нябесных лічыцца Апекуном Касцёла ў Беларусі.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч благаславіў адноўлены стараннямі івянецкіх вернікаў і іх душпастыраў на чале з пробашчам парафіі айцом Паўлам Раманчуком OFMConv алтар з абразом святога арханёла Міхала.

Менавіта за ўсіх ахвярадаўцаў, якія малітоўна і матэрыяльна падтрымалі справу аднаўлення святыні, цэлебравалася Найсвяцейшая Ахвяра.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп перадусім падкрэсіў, што анёлы з’яўляюцца Божымі пасланцамі для выканання асаблівых заданняў.

«Так, арханёл Міхал узначаліў барацьбу з сатаной, Габрыэль абвясціў Марыі, што яна выбрана Богам быць Маці Збаўцы, Рафал вылечваў хворых і суправаджаў у падарожжы. Такім чынам, праз паслугу анёлаў Бог адкрывае самога сябе», — адзначыў заслужаны іерарх.

Ён нагадаў, што ў хрысціянскай іканаграфіі святы арханёл Міхал найчасцей прадстаўлены з мячом.

«Барацьба зла з дабром працягваецца, што бачым у наш час, калі адрынаюцца духоўныя каштоўнасці», — заўважыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што святкуючы ўрачыстасць у гонар святога арханёла Міхала, вернікі павінны ўсвядоміць сваю слабасць і схільнасць да граху, каб па прыкладзе і праз заступнітцва анёлаў супрацьстаяць спакусам і імкнуцца да больш блізкіх і шчырых адносін з Богам.

«Анёлы Божыя ўвесь час стаяць на варце і бароняць нас ад нападаў злога духа. У гэтай барацьбе павінны ўдзельнічаць і мы. Для гэтага неабходна адкінуць пыху і даверыцца міласэрнаму Богу, які хоча нашага збаўлення. Трэба быць падобнымі да анёлаў, паслухмянымі і вернымі, заўсёды ва ўсім слухацца Бога, верна выконваючы Яго волю. А яна праяўляецца ў любові Бога ўсім сэрцам, усім розумам, усёй душой і ўсім сіламі, а бліжняга — як самога сябе», — падкрэсліў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Прысутнасць на парафіяльнай урачыстасці дзяцей, моладзі, скаўтаў, дзіцячага і дарослага парафіяльнага хору, маладых сем’яў і старэйшых асобаў падкрэслівала духоўны мост паміж пакаленнямі і важнасць перадачы духоўных каштоўнасцяў.

Гэта быў час, калі кожны мог адчуць сябе часткай вялікай духоўнай сям’і, аб’яднанай агульнай верай і традыцыямі.

Абноўлена 01.10.2024 20:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця