Пошук

08.06.2024 20:54   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У суботу 8 чэрвеня ў горадзе Беразіно (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат), які знаходзіцца на паўдарогі з Мінска ў Магілёў, адбылося ўрачыстае пасвячэнне касцёла Маці Божай Міласэрнасці.

Абрад пасвячэння святыні здзейсніў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі — упершыню на пасадзе Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта. Пры ўваходзе ў новазбудаваную святыню арцыпастыра прывіталі бярэзінскія вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Андрэем Фёдаравым, які перадаў арцыбіскупу Станеўскаму сімвалічны ключ ад касцёла і крыж.

Гэты крыж быў зроблены з дрэва вялікага старога крыжа, што знаходзіўся перад даўнейшым парафіяльным касцёлам на Слабадзе ў Лідзе, адкуль паходзіць ксёндз Андрэй. Такія крыжы яго пробашч, ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі чвэрць стагоддзя таму ўручыў кожнаму з семінарыстаў са сваёй парафіі, і з таго часу ён заўсёды суправаджае бярэзінскага душпастыра на шляху яго паклікання і святарскага служэння.

Арцыпастыр паблагаславіў крыжам усіх сабраных на ўрачыстасць пасвячэння касцёла вернікаў і шматлікіх гасцей, пасля чаго ўвёў усіх у святыню.

Арцыпастыра прывіталі таксама прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй Бярэзінскага райвыканкама Андрэем Сакалоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Уладзімірам Труханам, якія асабіста прысутнічалі на гістарычнай падзеі ў жыцці раёна і горада, дзе папярэдняя каталіцкая святыня згарэла ў пажары 110 гадоў таму.

У касцёле арцыбіскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой бралі ўдзел больш за два дзясяткі святароў з трох дыяцэзій Беларусі: Віцебскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Напачатку іерарх акрапіў асвячонай вадой сцены пабудаванай святыні і сабраных у ёй вернікаў.

Ксёндз Андрэй Фёдараў пазнаёміў прысутных з гісторыяй парафіі, якая калісьці была адной з самых вялікіх каталіцкіх супольнасцяў на Міншчыне.

Каталіцкая парафія ў Беразіне існуе з 1641 года. Першую святыню тут заснаваў маршалак дворны літоўскі Казімір Леў Сапега па распараджэнні караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра.

Будаўніцтва касцёла было скончана ў 1644 годзе, і ён быў пасвячаны ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Пазней святыня атрымала тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На пачатку XX стагодзя парафія ў тагачасным мястэчку Беразіно налічвала каля 7 тыс. вернікаў і мела філіяльныя касцёлы ў Багушэвічах і Раванічах. У Беразіне дзейнічала драўляная капліца на каталіцкіх могілках. У 1930-х гадах капліца была зачынена, а ў пасляваенны час разбурылася. Касцёл жа згарэў падчас пажару ў 1914 годзе.

Толькі ў 1997 годзе была пасвячана часовая капліца па вуліцы Піянерскай. Будаўніцтва новага касцёла распачалося ў 2018 годзе, а крыж на будаўнiчай пляцоўцы 5 красавіка 2016 года асвяціў біскуп Юрый Касабуцкі.

Новы касцёл быў пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада намаганнямі вернікаў бярэзінскай парафіі на чале з ксяндзом пробашчам Андрэем Фёдаравым, які выказаў падзяку таксама папярэднім тутэйшым душпастырам: ксяндзу каноніку Сяргею Бараўнёву і ксяндзу каноніку Алегу Мурзічу.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі напачатку адзначыў, што Бог выходзіць да чалавека і вядзе з ім дыялог: спрадвечнае Слова становіцца целам, каб пасяліцца сярод людзей.

«У святыні мы прымаем сэрцам Божае слова, а калі выходзім з гэтай святыні і вяртаемся да нашых абавязкаў, то нясем гэтае слова на нашых далонях, гэта значыць у нашых учынках, у нашым штодзённым жыцці. <…> Няхай гэтае месца, якое вы пабудавалі, гэты дом Божы, гэтая святыня, над якой узвышаецца крыж, дзе ў табэрнакулюме будзе жывы Езус Хрыстус, напаўняе вас энтузіязмам на добрую руплівую працу, на добрыя сяброўскія адносіны. А калі вам будзе цяжка, каб вы не баяліся пераступіць парог гэтай святыні, прыйсці і схіліць свае калені і галовы перад Езусам Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце ў табэрнакулюме, які, як кажа Папа Францішак, з’яўляецца бальзамам з неба на раны нашага сэрца. <…> Ён тут, і будзе вас чакаць», — сцвердзіў іерарх, заахвоціўшы вернікаў Беразіна быць «апосталамі гэтай зямлі» і дзяліцца духоўнай радасцю ад сустрэчы з Хрыстом у святыні.

Пасля гаміліі адбыліся абрады пасвячэння касцёла і алтара. Прысутныя на Імшы папскія прэлаты ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк з Мінска і ксёндз канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна намасцілі алеем хрызмам каменныя крыжыкі на сценах святыні.

Арцыбіскуп Станеўскі намасціў алтарную менсу, пасля чаго паставіў на алтар начынне з кадзілам, дым якога сімвалічна азначае ахвяры і малітвы вернікаў, што з гэтага святога месца будуць узносіцца да Бога.

Пасвячаны алтар быў накрыты абрусам, і пробашч парафіі запаліў на ім свечкі, пасля чаго ва ўсім касцёле было запалена святло, і распачалася Эўхарыстычная літургія.

Напрыканцы святой Імшы вернікі бярэзінскай парафіі падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за здзейсненае пасвячэнне іх касцёла, а арцыпастыр, са свайго боку, падзякаваў ксяндзу пробашчу Андрэю Фёдараву і ўсім тым, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні ў Бярэзіне. Тым, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у гэтую справу, арцыбіскуп Станеўскі уручыў пісьмовыя благаслаўленні Папы Францішка, а таксама лісты падзякі ад свайго імя.

Старшыні райвыканкама іерарх перадаў у дар абраз Маці Божай як сімвал заступніцтва Багародзцы і Яе матчынай апекі над бярэзінскай зямлёй.

Асаблівую падзяку бярэзінскія парафіяне выказалі маме свайго пробашча, пані Ірэне, а арцыпастыр заспяваў песню «Любая мама мая…», якой ушанаваў усіх матуль: як жывых, так і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць.

На заканчэнне ўрачыстасці на алтары новапасвячанага касцёла арцыбіскуп Станеўскі, пробашч парафіі і іншыя святары падпісалі дэкрэт аб пасвячэнні на лацінскай мове, які зачытаў асабісты сакратар арцыбіскупа ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

Перад благаслаўленнем арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з уімі ўдзельнікамі пасвячэння касцёла прысвяцілі «Адну хвіліну дзеля міру», памаліўшыся за мір ва ўсім свеце і падтрымаўшы такім чынам ініцыятыву Папы Францішка, якая адбываецца ўжо 10 гадоў.

Заключнымі акордамі свята ў Беразіне сталі выступленне хору «Голас душы» з Мінска, які сваім спевам суправаджаў урачыстую цэлебрацыю, а таксама пачастунак, што для ўсіх прысутных прыгатавалі гасцінныя бярэзінскія парафіяне.

 

Абноўлена 08.06.2024 23:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.