У суботу 8 чэрвеня па ініцыятыве «Каталіцкага дзеяння» і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый а 13-й гадзіне ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру».
Як гэта адбываецца штогод з 2014 года, у суботу 8 чэрвеня ў 13.00 (паводле мясцовага часу) арганізатары запрашаюць усіх людзей добрай волі спыніцца ў тым месцы, дзе хто знаходзіцца, кожны ў сваёй краіне, каб прысвяціць «Адну хвіліну дзеля міру».
Ініцыятыва «Адна хвіліна дзеля міру» з’явілася 10 гадоў таму. Яна ўзнікла па прапанове Папы Францішка падчас сустрэчы з заклікам да міру, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 года ў Ватыканскіх садах з удзелам Прэзідэнта Ізраіля Шымона Пэрэса, Прэзідэнтам Палестынскай Аўтаноміі Махмуда Абаса і Патрыярха Канстанцінопальскага Барфаламея I.
Тэма, абраная для 10-й гадавіны, гучыць так: «Мы жадаем міру. Пільнасць, права, неабходнасць», каб заклікаць усіх і кожнага да малітвы за мір і матываваць да дзеяння паводле логікі Хрыстовых благаслаўленняў на шляху дыялогу, культуры сустрэчы, прыняцця людзей і народаў.
«Мы дзякуем Папу Францішку, які не перастае нагадваць нам, што вайна — гэта вар’яцтва, маліцца за тых, хто пакутуе, заклікаць адказных асоб у краінах і міжнародных арганізацыях да дыялогу, да спынення агню. Мы далучымся да Папы Францішка ў суботу 8 чэрвеня ў 9.30 раніцы ў Ватыканскіх садах, каб ушанаваць памяць сустрэчы 8 чэрвеня 2014 года і аднавіць заклік да міру», — адзначаюць арганізатары акцыі з Міжнароднага форуму «Каталіцкага дзеяння».
Як праходзіць акцыя?
Ініцыятары заклікаюць усіх, каму дарагая справа міру, веруючых і няверуючых, затрымацца на хвіліну малітвы або маўчання. Можна маліцца паасобку або ў супольнасці, дома, на працы, на вучобе. Магчыма таксама запланаваць на гэты час набажэнства ў інтэнцыі міру і правесці яго ў святыні або на вуліцы.
Галоўнае, як адзначаюць ініцыятары акцыі, каб да яе далучылася як мага больш людзей і каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася справа міру.
Хвіліна спантаннай малітвы зазвычай завяршаецца малітвай «Ойча наш». Ёй можа папярэднічаць таксама малітва аб міры Папы Францішка.
Малітва папы Францішка 8 чэрвеня 2014 года
Пане, Божа міру, выслухай нашае маленне! Мы шмат разоў на працягу многіх гадоў спрабавалі вырашаць канфлікты паміж намі з дапамогаю сілы і нават з дапамогаю зброі; перажылі так шмат хвілін варажнечы і цемры; пралілі так шмат крыві; паламалі так шмат лёсаў; пахавалі так шмат надзеяў… Але нашыя намаганні аказаліся марнымі.
Цяпер, о Пане, Ты сам дапамажы нам! Дай нам мір, навучы нас міру, вядзі нас да міру. Адкрый нашыя вочы і нашыя сэрцы і дай нам мужнасць сказаць: «Няхай больш ніколі не будзе вайны! Вайна ўсё разбурае!» Напоўні нас адвагаю рабіць канкрэтныя справы дзеля пабудовы міру. Пане, Божа Абрагама і Прарокаў, Божа Любові, які стварыў нас і заклікаеш нас, каб мы жылі як браты, дай нам сілы кожны дзень быць творцамі міру; дай нам здольнасць добразычліва глядзець на ўсіх нашых братоў, якіх мы сустракаем на нашым шляху. Дай нам здольнасць пачуць крык нашых суграмадзянаў, якія просяць нас ператварыць нашыя ўзбраенні ў прылады міру, нашыя страхі — у давер, а нашыя крыўды — у прабачэнне.
Падтрымлівай у нас нязгаснае полымя надзеі, каб з цярплівай настойлівасцю мы выбіралі дыялог і прымірэнне дзеля канчатковай перамогі міру. Няхай з сэрца кожнага чалавека назаўжды знікнуць словы «падзел, нянавісць, вайна»! Пане, абяззброй язык і рукі, аднаві сэрцы і думкі, каб нашым прывітаннем заўсёды было слова «брат», а стылем нашага жыцця стаў шалом, мір, салям!
Амэн.