Пошук

16.08.2024 08:36   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Новы летні нумар часопіса «Ave Maria» прыходзіць да чытачоў з натхняльнымі і праўдзівымі сведчаннямі, цікавымі гутаркамі, рэпартажамі і разважаннямі.

Як адзначаецца на старонцы выдання ave-maria.by, на першых яго старонках прапануецца інтэрв’ю Крыстыны Лялько з дапаможным біскупам і Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB («Быць сведкам любові»), які 6 жніўня адзначыў свой залаты юбілей.

Іерарх шчыра распавядае чытачам пра вытокі свайго паклікання, пра салезіянскае служэнне, пра свае спадзяванні і планы на будучыню.

«Абцяжараныя сэрцы» — так называецца артыкул айца Юрыя Кулая OCD у рубрыцы «Школа малітвы», дзе аўтар засяродзіўся на праблемах, якія перашкаджаюць верніку «адарвацца ад баласту» зямных клопатаў і «ўзнесціся ў вышыні», замінаюць штодзённа прысвячаць час на сустрэчу з Богам.

Ксёндз Андрэй Рылка ў сваім чарговым артыкуле адказвае на пытанне: «Ці трэба баяцца веруючаму чалавеку ўздзеяння злых сілаў, сурокаў, праклёнаў і г.д.?», дзе падказвае, якімі магутнымі сродкамі мы можам абараніцца ад уздзеяння зла ў нашым жыцці.

Цэлы корпус матэрыялаў у ліпеньска-жнівеньскім нумары часопіса прысвечаны тэме мучаніцтва.

Акурат у жніўні мы адзначаем літургічны ўспамін адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія ў 1941 годзе прынеслі сваё жыццё ў ахвяру за 120 жыхароў горада. Пра плён іх ахвяры, а таксама пра сваё цяперашняе служэнне ў кангрэгацыі сясцёр назарэтанак распавядае сястра Кляра Волчак у інтэрв’ю «Любоў мацнейшая за смерць», падрыхтаваным Інай Бігель, якая таксама прапануе чытачам матэрыял-разважанне «Мучаніцтва як нябесная ўзнагарода». У часопісе падаецца таксама пераклад з польскай мовы публікацыі вядомага польскага дамініканіна айца Яцака Салія ОР пад назваю «Мучаніцтва, да якога пакліканы кожны хрысціянін». Галіна Калевіч падрыхтавала для рубрыкі «Сведчанні містыкаў» фрагменты з духоўнага дзённіка Аліцыі Лянчэўскай, у якіх ідзе гаворка пра сэнс ахвяры і цярпенняў («Ахвяра і пакута»).

У часопісе таксама друкуецца рэпартаж пра пасвячэнне касцёла Маці Божай Міласэрнасці ў Беразіне (Іна Амельчанка, «Пад асабліваю апекаю Божай Маці»), інтэрв’ю з былым пробашчам гэтай парафіі ксяндзом Андрэем Фёдаравым («Не проста супадзенне…»), артыкул пра ахвярнае жыццё і служэнне ксяндза Антонія Дулінца, з дня нараджэння якога сёлета спаўняеца 135 гадоў (Андрэй Гарбоўскі, «Адданы Богу і Радзіме»); працяг публікацыі сястры Паўлы Бобер MSF «Сэрца Бога, аб’яўленае Езусам Хрыстом» у рубрыцы «Старонка псіхолага» і іншыя цікавыя матэрыялы, вершы, віншаванні. На апошніх старонках вокладкі чытачам прапануюцца «Малітва і літаніі да благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа