Пошук

31.05.2024 11:22   Фота: Місія Добрага Самараніна / Catholic.by

29 мая ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылося свята ў гонар святой Уршулі Ледухоўскай, апякункі Місіі Добрага Самараніна, пры якой дзейнічае цэнтр.

Святая Уршуля Ледухоўская была заснавальніцай Кангрэгацыі сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, якія прысвячаюць сваё служэнне выхаванню дзяцей і моладзі, а таксама дабрачыннай дзейнасці.

Менавіта сёстры гэтай кангрэгацыі нясуць служэнне ў мінскім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры.

З нагоды іх патранальнага свята цэлебрацыю святой Імшы ў капліцы цэнтра ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які павіншаваў сясцёр, пажадаўшы ім Божага благаслаўлення і апекі заснавальніцы.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіў увагу на асобе святой Уршулі, якая жыла на мяжы XIX і XX стагоддзяў і своечасова распазнала знакі таго часу, які патрабаваў больш увагі звяртаць на выхаванне маладога пакалення.

«ХІХ стагоддзе — гэта быў час тэхнічнай рэвалюцыі і міграцыі людзей з вёсак у горад, дзе былі лепшыя ўмовы працы але адначасова і вялікая духоўная небяспека, якая вяла да маральнага заняпаду. Бог, аднак, паслаў выдатных выхавацеляў, такіх як святы Ян Боско і святая Уршуля Ледухоўская. <…>

Працаваць з моладдзю і дзеля таго, каб маладыя людзі фармавалі сваё духоўнае жыццё, было патрэбай сэрца святой Уршулі, якая жыла і дзейнічала паводле прынцыпу: „У выхаваўчай справе перад намі падвойнае заданне: першае — выхоўваць дзяцей для Бога, для нябеснай Айчыны, другое — выхоўваць дзяцей для грамадства, для зямной айчыны“. Гэтыя словы сугучныя са словамі святога Яна Боско, які казаў, што добры хрысціянін з’яўляецца добрым грамадзянінам», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што прапанаваны святой Уршуляй метад працы на тыя часы быў рэвалюцыйным. Яна лічыла, што, каалі свет цураецца манаскага жыцця, яно само павінна ісці да людзей. Гэтая думка апярэджвала вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб абнаўленні кансэкраванага жыцця.

«Такі працэс эфектыўны, але пагражае лаіцызацыяй манаскага жыцця. Каб пазбегчы гэтага, святая Уршуля заклікала да глыбокага адзінства з Богам, пошуку Яго волі і яе адкрыцця праз штодзённы кантакт з Хрыстом у Евангеллі і Эўхарыстыі, а таксама ў служэнні бліжнім», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Ён нагадаў, што святая Уршуля адзначалася таксама місіянерскім духам, пра што сведчыць яе праца ў сталіцы Расійскай Імперыі Санкт-Пецярбургу, дзе ў вельмі складаных умовах пры касцёле святой Кацярыны Александрыйскай яна кіравала дзейнасцю інтэрната і ліцэя. Потым руплівая законніца працягвала выхаваўчую працу ў скандынаўскіх краінах, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі на Палессі.

«Мінула шмат гадоў з таго часу, але плён працы святой Уршулі застаўся. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў Касцёл адраджаецца, як адраджаецца і дзейнасць сясцёр уршулянак. Найлепшым сведчаннем гэтага з’яўляецца Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску і праца сясцёр пры парафіі святой Кацярыны ў Санкт- Пецярбргу», — адзначыў іерарх. Паводле яго, новыя часы патрабуюць новага, выхаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях чалавека.

«Гэта заданне Касцёла, у якім асаблівая роля належыць сёстрам уршулянкам», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Сваю гамілію ён завяршыў малітоўным заклікам: «Святая Уршуля Ледухоўская, выпрасі ў Бога ласку для сясцёр уршулянак, выхавацеляў і супрацоўнікаў Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, каб дзеці якія выхоўваюцца ў ім, выраслі духоўна моцнымі і сталі хвалой нашага народа».

Напрыканцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падараваў Місіі Евангеліярый і гадзіннік.

Пасля Імшы ў актавай зале цэнтра адбыўся інклюзіўны спектакль пра святую Уршулю. Ролі ў ім выконвалі дзеткі, выхаванцы Місіі, яе супрацоўнікі, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя суполкі «Самаранін».

 

Абноўлена 31.05.2024 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця