Пошук


1 мая па ініцыятыве і з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай на традыцыйную сустрэчу сабраліся прадстаўнікі розных рэлігійных рухаў і супольнасцяў Беларусі.

Сёлетняя сустрэча была прысвечана тэме Пастырскага 2024 года ў нашай краіне: «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

Сустрэча ў Будславе дала вялікай колькасці вернікаў, якія непасрэдна бралі ў ёй удзел або духоўна далучыліся з дапамогай прамой транслыяці на партале Catholic.by, магчымасць блiжэй пазнаёмiцца з касцёльнымі рухамі, што дзейнічаюць у нашай краіне.

З раніцы першага дня мая, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, у Нацыянальны санктуарый пачалі прыбываць прадстаўнікі рухаў і пілігрымы з розных мясцін Беларусі, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сабраных у базыліцы прывітаў біскуп Касабуцкі гучным велікодным воклічам «Хрыстус уваскрос!», на які сотні людзей у адзін голас адказалі: «Сапраўды ўваскрос!»

Усіх удзельнікаў сустрэчы на чале з іерархам гасцінна прывітаў пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Пасля рэгістрацыі адбылася прэзентацыя прысутных на сустрэчы рухаў і супольнасцяў, у якой па чарзе называўся кожны рух і падаваліся кароткія звесткі пра яго: дэвіз або харызма, заснавальнікі, мэта і заданні, а таксама месцы, дзе ў Беларусі дзейнічаюць суполкі таго ці іншага руху.

Такім чынам, былі прадстаўлены Асацыяцыя Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, Рух апостальства дапамогі душам чысцовым, Рух сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, «Легіён Марыі», «Маці ў малітве», рух «Новае аблічча парафіі», «Нэакатэхуменальны шлях», рух «Святло-жыццё» і яго адгалінаванні: сямейнае аб’яднанне «Хатні Касцёл» і Міжнародная дыяконія евангелізацыі і вызвалення «Каштоўная пярліна», рух «Сужэнскія сустрэчы», рух «У абарону жыцця», рух Факаляраў, супольнасць «Фаўстынум», Міжнародны Шанштацкі рух, Міжнародны каталіцкі харызматычна-евангелізацыйны рух Gloriosa Trinitas, Свецкі Ордэн кармэлітаў босых — супольнасць святога Юзафа, Францішканскі Ордэн свецкіх, «Рыцарства Беззаганнай», «Ружанцовая эстафета — Круцыята малітвы — Сям’я сем’яў», Браты і сёстры ад пакуты Трэцяга Францішканскага Ордэна, Апостальскі рух «Маргарытка», Каталіцкія скаўты і скаўткі ў Беларусі.

Да прадстаўнікоў усіх сабраных рухаў і пілігрымаў звярнуўся біскуп Касабуцкі, які прывітаў удзельнікаў сустрэчы і перадаў ім прывітанне і благаслаўленне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Іерарах пажадаў прысутным плённа перажыць час у малітве, у сустрэчах, у размовах, каб знайсці новых сяброў і падзяліцца досведам адно з адным.

Біскуп нагадаў, што сёлетні душпастырскі год у Касцёле на Беларусі прысвечаны менавіта рэлігійным рухам і іх ролі ў евангелізацыі нашай краіны.

Сустрэчу працягнула супольная малітва на Ружанцы ў інтэнцыі ўсіх касцёльных рухаў, якія дзейнічаюць у Беларусі, і Маёвае набажэнства да Маці Божай. У гэты час ахвотныя маглі прыступіць да сакрамэнту паяднання.

Апоўдні перад цудудзейным абразом Маці Божай Будслаўскай распачалася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім маліліся 17 святароў, многія з якіх з’яўляюцца адказнымі за той ці іншы касцёльны рух, а таксама сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока. Ватыканскі дыпламат упершыню наведаў Нацыянальны санктуарый разам з групай замежных студэнтаў, душпастырства якіх ён вядзе на англійскай мове па-за сваімі непасрэднымі абавязкамі ў служэнні Святому Айцу. На пачатку Імшы іерарх асаблівым чынам прывітаў ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, які ў гэтым месяцы адзначыць 50-годдзе святарства, іншых святароў, манаскіх асобаў, прадстаўнікоў касцёльных рухаў, пілігрымаў і будслаўскіх парафіянаў.

«Мы збіраемся ў гэтай святыні як адна вялікая сям’я Дзяцей Божых. Мы збіраемся тут перад абліччам Багародзіцы, якая пазірае на кожнага з нас з цудоўнай іконы, змешчанай у галоўным алтары гэтай святыні.

Марыя глядзіць на кожнага з нас, Яна глядзіць у нашыя вочы. Яна нават без словаў ведае, што ёсць у нашым сэрцы, з чым мы прыйшлі да Яе. І мы як пакорныя дзеткі схіляем перад Ёю свае галовы і просім, каб Яна атуліла нас сваёю апекай і каб тут мы не толькі перажылі гэтую малітоўную сустрэчу, але набраліся духоўных сілаў для нашага далейшага жыцця», — сказаў біскуп Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх напачатку зазначыў, што на сёлетняй сустрэчы рухаў у Будславе яшчэ больш павялічылася колькасць удзельнікаў і пашырылася геаграфія прадстаўленых супольнасцяў. Ён нагадаў, што ў 2016 годзе быў выдадзены ліст Кангрэгацыі Веравучэння Iuvenescit Ecclesia, што можна перакласці як «Касцёл, які амалоджваецца, аднаўляецца». У гэтым лісце ідзе гаворка пра розныя дары і харызмы ў Касцёле. Біскуп звярнуў увагу прысутных на выказанае ў ім сцвярджэнне, што «Касцёл аднаўляецца моцаю Евангелля, а Дух Святы заўсёды яго аднаўляе, будуе і вядзе яго праз розныя іерархічныя і харызматычныя дары».

Адзначыўшы, што ўжо святы Ян Залатавусны ў IV стагоддзі бачыў у гэтых дарах асаблівую прыгажосць, іерарх скіраваў прысутным словы святога Яна Паўла ІІ: «Вы — гэта адказ Божага Провіду, дадзены Духам Святым перад абліччам неабходнасці несці Евангелле пераканаўчым чынам сучаснаму свету». Паводле біскупа Касабуцкага, касцёльныя рухі пакліканы ісці ў авангардзе евангелізацыі сучаснай Беларусі, што і сёння актуальна, і менавіта гэта мелі на думцы каталіцкія біскупы, вызначаючы тэму сёлетняга пастырскага года ў мясцовым Касцёле.

«Усе мы пакліканы несці веру іншаму чалавеку, <…> мы ўсе пакліканы быць сведкамі Евангелля. І кожны касцёльны рух, кожная касцёльная супольнасць вельмі важныя», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што ў іх асаблівых харызмах і дзейнасці з асаблівай моцай праяўляецца дзеянне Святога Духа.

Фота Міколы Новікава

«Мы бачым, што нас шмат; мы бачым, які багаты Касцёл, і багаты не ў сэнсе нейкіх там матэрыяльных дабротаў, але перш за ўсё багаты рознымі харызмамі, ласкамі, дарамі», — сцвердзіў пастыр, параўнаўшы кожны рух з «каштоўнай пярлінай у гэтым вялікім калье, якое мы называем Касцёл».

На заканчэнне гаміліі іерарх заахвоціў усе рухі ісці шляхам сваёй харызмы разам з Марыяй, а таксама выказаў падзяку іх удзельнікам ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Перад заключным благаслаўленнем напрыканцы Імшы біскуп Касабуцкі звярнуўся да групы замежнікаў на англійскай мове, патлумачыўшы ім значэнне цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і Нацыянальнага санктуарыя, запрасіўшы іх адчуваць сябе ў ім як дома.

Пасля перапынку на пасілак удзельнікі сустрэчы зноў сабраліся ў базыліцы на канферэнцыі на тэму «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі», якую прамовіў айцец Андрэй Авен OCD, кармэліт босы з Мядзела.

У гэты час скаўты арганізавалі для дзяцей на двары каля касцёла забаўляльную праграму.

Паразважаць над пачутым на канферэнцыі прысутныя маглі ў прысутнасці Езуса перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Адарацыя завяршылася малітваю Вяночка да Божай Мiласэрнасцi, Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Асаблівым момантам сустрэчы стаў малітоўны акт прысвячэння кожнага руху Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, які правёў біскуп Юрый Касабуцкі. Акт адбыўся перад абразом Сэрца Езуса, выстаўленым у прэзбітэрыі. Кожны рух таксама набыў свой невялікі абраз для супольнай малітвы перад ім.

Падчас сёлетняга фэсту ў Будславе адбудзецца абрад прысвячэння Касцёла ў нашай краіне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Першымі ў першы дзень мая гэта здзейснілі ў Нацыянальным санктуарыі прадстаўнікі рухаў і супольнасцяў з усёй Беларусі.

Фота Віктара Ведзеня

 
Абноўлена 02.05.2024 08:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.