Пошук

12.04.2024 06:00   Паводле: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Да Велікодных святаў, якія сёлета католікі распачалі адзначаць 31 сакавіка, з друку выйшаў красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 4 (349) 2024).

Агляд велікоднага нумару прапануецца на сайце аднаго з найпапулярнейшых у нашай краіне каталіцкіх часопісаў ave-maria.by.

Страх і адвага — гэтыя паняцці неадлучна спадарожнічаюць евангельскім апісанням мукі і ўваскрасення Хрыста. Яны ж уваходзяць і ў нашае жыццё ў самыя няпростыя, пераломныя моманты і могуць прыносіць свае асаблівыя плады, калі мы ў сваіх перажываннях спрабуем чэрпаць сілу ад Уваскрослага.

Таму невыпадкова паняцці страху і адвагі закранаюцца ў многіх матэрыялах красавіцкага нумара «Ave Maria».

Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Тамаш не верыць» (рубрыка «Школа малітвы») разважае пра тое, чаму мы не маем жывой радасці ад надзеі на ўваскрашэнне, а таксама пра тое, што кожнага з нас чакае асабістая сустрэча з Езусам уваскрослым і выпрабаванне нашай веры, падобнае да Тамашовага.

«Чаго баяцца католікі?» — у матэрыяле пад такою назваю айцец Дар’юш Кавальчык SІ дзеліцца сваімі думкамі пра страх вернікаў за лёс Касцёла. Многім вернікам вельмі добра знаёмы страх перад споведдзю — пра яе асабістае перажыванне піша святая Фаўстына Кавальская, думкі якой сабраныя ў артыкуле пад назваю «Спаведнік — гэта лекар душы». Абодва матэрыялы падрыхтавала і пераклала з польскай рэдактар часопіса Крыстына Лялько.

Тэрэза Клімовіч у публікацыі «Божае святло супраць самых вялікіх страхаў» акцэнтуе ўвагу чытачоў на тым, што ёсць добры страх, які бароніць чалавека, і дрэнны, які руйнуе.

«Ці ёсць ува мне той страх, які забірае жыццё? Колькі яго? Які ён?» — аўтарка запрашае кожнага паразважаць над гэтымі пытаннямі з выкарыстаннем духоўнага практыкавання, асноваю якога з’яўляецца ігнацыянскі рахунак сумлення.

Сваім жыццёвым досведам у пераадоленні розных страхаў і трывогаў дзеляцца Паліна Грыб («Я баюся… цішыні»), Іна Амельчанка («У любові няма страху») і Ганна Шаўчэнка («Як вытрываць у „Аліўным садзе“ душы?»), а Галіна Калевіч прапануе на старонках часопіса інтэрв’ю з Кацярынай Расохай («Не бойся. Толькі вер»), якая ў аповедзе пра сваё навяртанне сцвярджае, што «адвага — гэта поўны давер Пану Богу і разуменне таго, што, калі Бог дае табе нейкае заданне, то абавязкова дасць і сілы для яго выканання».

Гэтыя і шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы, сабраныя ў рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Старонка псіхолага», паэзія і рэпартажы, можна прачытаць у красавіцкім нумары часопіса «Ave Maria». На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Малітвы да ўваскрослага Езуса Хрыста».

Абноўлена 12.04.2024 06:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця