Пошук

30.03.2024 14:34   Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

29 сакавіка, у Вялікую пятніцу, ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве вернікі і духавенства ўшанавалі таямніцу другога дня святога Пасхальнага Трыдуума, калі Езус цярпеў і прыняў смерць на крыжы.

Увечары ў святыні адбылося набажэнства Крыжовага шляху, якое ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам са святарамі і сёстрамі законнымі, якія нясуць служэнне ў цэнтральнай магілёўскай парафіі, удзельнікі набажэнства на чатырнаццаці прыпынках разважалі над апошняй зямной дарогай Збаўцы.

У Вялікую пятніцу нідзе няма святой Імшы, і біскуп Яшэўскі ўзначаліў цэлебрацыю адмысловай Літургіі Мукі Пана, падчас якой адбывалася адарацыя святога Крыжа.

У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім заўважыў, што ў гэты журботны дзень маці-Касцёл узяла сваіх дзяцей, за руку і прывяла на Галгофу. «Прывяла, каб паказаць нам пагарджанага, бічаванага, апляванага, укрыжаванага і памерлага на крыжы нашага Збаўцу. Хтосьці можа запярэчыць: як можна глядзець на такое відовішча? Мы хочам адвесці вочы, каб, магчыма, не бачыць той жорсткасці, той крыві… Але сёння наша маці-Касцёл просіць нас не адводзіць вачэй, але ўсё больш уважліва глядзець у аблічча нашага ўкрыжаванага і памерлага Пана», — сказаў пастыр, адзначыўшы, што ўгляданне ў Крыж Хрыста дапамагае вернікам убачыць праўду пра чалавека ў абліччы ўкрыжаванага і памерлага Хрыста.

«Мы запрошаны сёння не столькі плакаць па Ім, як гэта рабілі ерузалемскія жанчыны, а больш па сабе. Бо ўкрыжаванне і смерць Хрыста — гэта не толькі пра Яго; гэта праўда пра нас, пра мяне і пра цябе, дарагія браты і сёстры!» — сцвердзіў біскуп Яшэўскі. Ён патлумачыў, што ў абліччы ўкрыжаванага Хрыста відаць скажоную прыгажосць чалавечага аблічча, скажонага грахом, гвалтам чалавека над чалавекам. «Укрыжаваны Збаўца сёння для кожнага з нас з’яўляецца як бы люстэркам, у якое Ён запрашае нас зазірнуць і ўбачыць сябе», — заўважыў іерарх.

«Калі чалавек пагарджае праўдай, укрыжоўвае праўду, тады ўсё становіцца несправядлівым у яго жыцці. Няма ні справядлівага суду, ні нават магчымасці выразна адрозніць дабро ад зла. Сёння Хрыстус памірае на крыжы і гаворыць нам праўду пра нашае зямное жыццё: кожны з нас апынецца на гэтым крыжы, бо смерць — адзіная пэўная падзея, якая абавязкова збудзецца», — зазначыў біскуп Яшэўскі, дадаўшы разам з тым, што ва ўкрыжаваным Збаўцы мы бачым тое, чаго няма на нашым чыста чалавечым зямным гарызонце.

«У смерці Езуса нам адкрываецца цудоўная крыніца несмяротнасці, таму мы і называем Яго смерць жыватворнай. Жыццядаўца прыйшоў у краіну мёртвых, каб упалі кайданы граху і смерці. <…>

Вялікая пятніца — гэта не толькі момант смерці Езуса на крыжы, гэта яшчэ і пераломны момант у гісторыі ўсіх смяротных, для якіх быў адкрыты шлях да жыцця, шлях ад смерці да Уваскрэсення», — сцвердзіў іерарх. Паводле яго, гэта дае вернікам перакананне ў тым, што пакуты і смерць не будуць мець апошняга слова ў гісторыі.

«Вялікая пятніца не вечная: вечным з’яўляецца толькі Уваскрасенне Хрыста на трэці дзень. І таму смерць Хрыста на Галгофе, нашы пакуты сапраўды становяцца пераломным момантам у гісторыі. Калі мы паклалі Яго нежывое цела ў магілу, пачаўся момант чакання Уваскрэсення. <…> Давайце будзем чакаць і маліцца, каб усіх нас Збаўца давёў да гэтага дня. Будзем жа глядзець у Яго раны — і ўбачым крыніцу жыцця, трываласці і надзеі на ўваскрашэнне», — заахвоціў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 30.03.2024 14:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.