Пошук

27.03.2024 09:59   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Марыся Вярцейка, Ніна Невяроўская / Catholic.by

Творчы Крыжовы шлях, які аб’яднаў у сабе выяўленчае і музычнае мастацтва, прайшоў падчас сёлетняга Вялікага посту ў парафіі святога Францішка ў Мінску, дзе нясуць служэнне браты меншыя капуцыны (мікрараён Новая Баравая).

Крыжовы шлях — гэта традыцыйнае пасійнае набажэнства, асабліва папулярнае падчас Вялікага посту, у якім вернікі праз вобразную і эмацыянальную візуалізацыю Мукі Хрыста духоўна перажываюць апошнія гадзіны Яго зямнога жыцця, цярпенні, крыжовую смерць і пахаванне.

У першыя стагоддзі хрысціянства існаваў падзел на Пасху Крыжовую і непасрэдна свята Уваскрасення. З цягам часу Крыжовая Пасха трансфармавалася ў цэлы літургічны перыяд Вялікага посту. З VІІІ стагоддзя хрысціяне пачалі праводзіць пакутнае набажэнства — Крыжовы шлях, якое канчаткова ўсталявалася ў такім выглядзе, якім мы яго ведаем сёння, у ХVІІІ стагоддзі. З чатырнаццаці стацый Крыжова шляху дзевяць з’яўляюцца ілюстрыцыямі апісаных у Евангеллі падзей, а пяць перададзены традыцыяй Касцёла.

Удзельнікі хора «Transitus» парафіі святога Францішка арганізавалі крэатыўнае набажэнства Крыжовага шляху, дзе спалучылі евангельскі тэкст, уласныя разважанні, музычнае і выяўленчае мастацтва.

Падчас набажэнства харысты задумваліся над чалавечай грэшнасцю і адносінамі паміж людзьмі (чаму мы адчуваем або не адчуваем падман, здраду, сяброўства, безнадзейнасць, радасць…), спявалі і малявалі карціны.

Хор выконваў творы класічнага музычнага мастацтва, рэлігійныя песні, фальклорныя мелодыі. Усе кампазіцыі падкрэслівалі сэнс разважанняў адпаведна стацыям Крыжовага шляху.

Глыбокі падтэкст і значнасць падзей падкрэслівалі яшчэ адным відам мастацтва — выяўленчым.

Таленавітыя маладыя мастачкі Ганна і Марыя Невяроўскія — удзельніцы моладзевага ансамблю «Transitus» — імкнуліся перадаць спевы, разважанні, эмоцыі пакутаў і надзеі фарбамі на палатне. У выніку былі створаны 14 выяваў, насычаных пачуццямі і малітвай.

Карціны выкананыя ў спалучэнні тэхнік Fluid Art і тэкстурнага дэкаратыўнага жывапісу акрылавамі фарбамі на палатне. Пры стварэнні цыклу карцін выкарыстоўваліся не толькі мастацкія пэндзлі, але і традыцыйны льняны тэкстыль рознай структуры, малярныя пэндзлі, паралон і нават просты сталовы нож.

Стылістыка карцін нагадвае інтанацыі абстракцыянізму, заснаваныя не на перадачы канкрэтнах выяваў, а на падборы адценняў, ліній, якія павінны выклікаць у гледача эмоцыі. На малюнках стацый мы можам разгледзець кроплі поту, слёзы, крыжы, шляхі і іншыя фігуры і формы.

Але не формы з’яўляюцца сэнсаўтваральным фактарам перадачы эмоцый, а колеры. Прысутныя на набажэнстве вернікі маглі назіраць, як жоўты колер насычаўся чырвоным і ператвараўся ў аранжавы, той, у сваю чаргу, змешваўся з сінім і пераходзіў у фіялетавы.

Падобна да таго, як музыка гучала то гучна, то ціха, то адрывіста, то не гучала зусім, так і колеры перапаўняліся фактурнасцю і цалкам знікалі.

Напрыклад, на выяве дванаццатай стацыі — смерці Хрыста на крыжы — маляўнічасць фарбаў знікае: настае цішыня; мы бачым шырокія мазкі чорнай фарбы, якія паступова абрамляюцца тонам надзеі: з’яўляецца мяккі белы колер.

Розныя віды мастацтва ў літургічнай прасторы ўзаемадзейнічаюць з кананічнымі тэкстамі праз вобразы, асацыяцыі, сімвалы і мастацкія прыёмы. Гэты сінтэз становіцца сродкам для глыбейшага разумення і перажывання вернікамі асноўных праўдаў веры.

 

Абноўлена 27.03.2024 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа