23 сакавіка ад фігуркі Маці Божай у Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) група вернікаў мясцовай парафіі святога Казіміра разам з пробашчам ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком вырушыла ў экстрэмальны Крыжовы шлях, які часткова праходзіў па мясцінах, звязаных з народным песняром Беларусі Якубам Коласам.
12 дзяўчат і жанчын прайшла каля 28-і кіламетраў па маршруце Акінчыцы–Мікалаеўшчына–Кнотаўшчына–Новы Свержань–Стоўбцы.
Па дарозе ўдзельнікі набажэнства-пілігрымкі мелі чатырнаццаць прыпынкаў — чатырнаццаць стацый Крыжовага шляху Езуса Хрыста. На кожнай стацыі былі разважанні і адпаведная малітва.
Ксёндз Ігар прайшоў разам з вандроўніцамі да другой стацыі і паблагаславіў іх на далейшую дарогу.
Зазвычай экстрэмальны Крыжовы шлях адбываецца ноччу, але падарожжа стаўбчан адбылося днём і ў цішыні, што вельмі важна. Разважанні падчас дарогі — гэта не мудрыя цытаты з мудрых кніг, а сапраўдныя гісторыі сапраўдных людзей, якія замянілі выдуманую праўду на ўласны духоўны вопыт: гэта «дарога пералому». Гэта адкрыццё таго, які ўплыў экстрэмальны Крыжовы шлях мае на чалавека. Ад яго трэба адчуваць боль. Не трэба сябе шкадаваць ці шукаць выгоды. Пікнікі, размовы ў дарозе толькі перашкаджаюць у дасягненні духоўнай мэты незвычайнай вандроўкі. Цішыня, моцныя пастановы, пераадольванне цяжкасцяў — гэта тое, што вядзе да ўнутранай перамены. Калі ўсё баліць, крычыць «вяртайся дадому!», «навошта табе гэта?!», з’яўляецца цвёрды адказ: «Не хачу выгодаў: я хачу сапраўднага жыцця».
Удзельніцы экстрэмальнага Крыжовага шляху пераканаліся ў тым, што толькі пераадольваючы сябе можна распачаць сапраўдную размову з Богам.
У гэтай размове Бог гаворыць: «Ты ведаеш, кім ты з’яўляешся, але не ведаеш, кім можаш быць. Адкрыйся на новае жыццё. Пакінь тое, што было, і ўбачыш, як можа быць».
Верніцы стаўбцоўскай парафіі прайшлі гэты Крыжовы шлях за сем гадзін, зрабілі чатырнаццаць прыпынкаў-стацый з адмысловай малітвай на кожным. Стомленыя, але шчаслівыя ад перамогі над сабой, над сваімі звычкамі, яны прыйшлі ў касцёл на вечаровую святую Імшу, каб падзякаваць Богу за ласку вытрымкі, за моц духа, за дадзеныя сілы для шляху выпрабавання.