Пошук

05.12.2019 11:01   Catholic.by

4 снежня прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня адкрыцця першай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, на якім Касцёл у Беларусі прадставіў ксёндз канонік Францішак Рудзь.

У сучаснай Беларусі не змяншаецца цікавасць да літаратурных музеяў як захавальнікаў нацыянальных помнікаў пісьменства і нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сёння музей Якуба Коласа ідзе ў нагу з часам. Ён стаў не толькі ахоўнікам мемарыяльнай прасторы, але і поліфункцыянальным культурным цэнтрам. У яго залах праходзяць выставы, літаратурныя сходы, чытанні і канферэнцыі.

Асаблівае значэнне музей набывае для беларускай нацыі як захавальнік творчасці і твораў на нацыянальнай мове народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Каталіцкі Касцёл стаіць на пазіцыі падтрымання нацыянальнай культуры і традыцый, якія робяць непаўторнай наш «родны кут», нашу Беларусь. Павага да нацыянальнай культуры не толькі прапісана ў праграмных дакументах Касцёла, але з’яўляецца глебай для плённага абвяшчэння Евангелля з дапамогаю яго інкультурацыі.

У Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Другога Ватыканскага Сабору, якая называецца Gaudium et Spes — «Радасць і надзея» — пра ролю нацыянальных культур у місіі Касцёла чытаем: «Трымаючыся сваёй уласнай традыцыі і ў той жа час усведамляючы сваю сусветную місію, Касцёл можа ўвайсці ў зносіны з рознымі формамі культуры, дзякуючы чаму ўзбагачаецца і сам Касцёл, і гэтыя розныя культуры».

Сённяшні кіраўнік Касцёла папа Францішак, вядомы як аматар чытання і бібліяфіл, шмат разоў падкрэсліваў у сваіх прамовах значэнне літаратуры.

Ён сам пэўны час выкладаў літаратуру пасля атрымання адукацыі ў каледжы святога Юзафа ў Буэнас-Айрэсе, дзе абараніў ступень ліцэнцыята па філасофіі.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў, якія мінулі з Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл у свеце з’яўляецца адным з самых актыўных рэтранслятараў нацыянальнай культуры ў кожнай краіне, неад’емную частку якой складае літаратура. У гэтым святле вывучэнне творчасці беларускіх пісьменнікаў і наведванне музеяў становіцца прыемным абавязкам добрага грамадзяніна і добрага хрысціяніна, вернага вучэнню Хрыста і Касцёла.

Абноўлена 05.12.2019 12:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа