Пошук

07.03.2024 13:41   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Шчыглінскай

8 сакавіка адзначаецца Міжнародны жаночы дзень, і сёлета гэтае папулярнае ў многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, свята прыпадае на пятніцу Трэцяга тыдня Вялікага посту.

У сувязі з гэтым Catholic.by папрасіў канцлера Мітрапалітальнай курыі Мінска-Магілёўскага архідыяцэзіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, пробашча архікатэдральнай парафіі ў Мінску, патлумачыць, як вернікі могуць адзначыць сёлета дзень жанчын.

— Ксёндз Дзмітрый, вы з’яўляецеся не толькі спецыялістам у галіне кананічнага права і канцлерам Мітрапалітальнай курыі, але таксама пробашчам вялікай парафіі і дасведчаным душпастырам, таму растлумачце, калі ласка, якія абавязкі Касцёл накладае на вернікаў у перыяд Вялікага посту.

— У Кодэксе кананічнага права ёсць спецыяльны раздзел, прысвечаны дням пакаяння, і ён зусім невялікі. Між іншым, у ім сказана, што днямі і часам пакаяння ва ўсім Касцёле з’яўляюцца ўсе пятніцы на працягу ўсяго года, а таксама час Вялікага посту (кан. 1250). У сувязі з гэтым, ва ўсе пятніцы года, калі ў некаторыя з іх не прыпадаюць урачыстасці, павінна быць захавана ўстрыманне ад спажывання мяса або іншых страваў.

Разам з тым, касцёльнае права дазваляе кожнаму дыяцэзіяльнаму біскупу ўдзяляць дыспенсацыю ад дысцыплінарных законаў, як паўсюдных, так і партыкулярных, выдадзеных вярхоўнай уладай Касцёла, для яго тэрыторыі або для падуладных яму асобаў, калі ён палічыць, што гэта будзе спрыяць духоўнаму дабру вернікаў.

— Таму арцыбіскуп Станеўскі і ўдзяліў дыспенсацыю ад абавязку ўстрымання ад мясных страваў у пятніцу 8 сакавіка вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі?

— Біскуп як пастыр дыяцэзіі кіруецца ў такіх рашэннях перадусім духоўным дабром вернікаў, але ёсць і пэўныя практычныя моманты, пра якія таксама не лішне падумаць.

Вядома, што Міжнародны жаночы дзень — даволі папулярнае свята, якое многія нашы вернікі адзначаюць у сем’ях, з калегамі па працы, у коле сяброў. Паколькі ў нас шматканфесійнае грамадства, у свята жанчын католікі могуць сесці да стала разам са сваімі братамі і сёстрамі іншых веравызнанняў, не крыўдзячы адмовай тых, хто пажадае іх пачаставаць мяснымі стравамі. Дарэчы, у нашых праваслаўных братоў Вялікі пост яшчэ нават не распачаўся.

Да таго ж многім гаспадыням, нашым дарагім жанчынам, не давядзецца «ламаць галаву» над тым, чым пачаставаць гасцей, бо з улікам асаблівасцяў нашай нацыянальнай кухні зрабіць гэта толькі поснымі стравамі даволі складана.

Таксама звярну ўвагу на тое, што ніхто не мае абавязку карыстацца гэтай дыспенсацыяй. Гэта справа абсалютна дабравольная.

— Значыць, можна святкаваць, як кажуць, напоўніцу?..

— Адзначаць ці не адзначаць Міжнародны жаночы дзень, які ў нашай краіне з’яўляецца таксама дзяржаўным святам і днём, вольным ад працы, — гэта асабісты выбар кожнага чалавека. Пытанне ў тым, як гэта зрабіць па-хрысціянску. Нельга забывацца, што мы перажываем асаблівы час — перыяд Вялікага посту, які не абмяжоўваецца толькі ўстрыманнем ад мяса ў вызначаныя дні.

Як кажа нам чацвёрты касцёльны наказ, у перыяды пакаяння — а менавіта такім перыядам з’яўляецца Вялікі пост — вернікі не павінны ўдзельнічаць у забавах. Калі хтосьці жадае адзначаць 8 сакавіка, належыць рабіць гэта па-хрысціянску сціпла: без гулянак, п’янак і гучных забаў, у духу ўдзячнасці Богу за нашых дарагіх і любімых жанчын: бабуль, матуль, сясцёр, дачок.

Няхай у гэты дзень знойдзецца час на малітву за жанчын, у тым ліку і тых, якія адышлі з гэтага свету, і на добрыя ўчынкі, без якіх, як кажа святы біскуп Пётр Хрызалог, малітва і пост застаюцца бясплённымі.

Тыя ж, хто будзе карыстацца дыспенсацыяй ад абавязку ўстрымання ад мясных страваў, няхай не забудуць памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца Папы Францішка.

Паколькі абавязак устрымання ад мясных страваў датычыцца ўжо дарослых людзей (ад 14-гадовага ўзросту), то і рашэнне аб тым, ці адзначаць свята падчас посту і ці карыстацца дыспенсацыяй, кожны прымае самастойна і адказна, кіруючыся разважлівасцю і здаровай пабожнасцю.

— Дзякуй за вашы адказы.

Абноўлена 07.03.2024 14:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа