З 16 па 18 лютага, у першыя выходныя Вялікага посту, у рэкалекцыйным доме Бога Айца, які дзейнічае пры парафіі Святой Тройцы ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат), прайшлі рэкалекцыі для мужчын.
Духоўныя практыкаванні, арганізаваныя каталіцкай супольнасцю «Мужчыны святога Юзафа», былі прысвечаны тэме «Куды вядуць мяне мае думкі?».
Як адзначаецца на сайце супольнасці msj.by, сустрэча на пачатку Вялікага посту стала найбольш шматлікай. На рэкалекцыі сабраліся мужчыны розных узростаў з некалькіх мясцін Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска.
Духоўныя практыкаванні праводзіў ксёндз Павел Скуба, які растлумачыў удзельнікам, якім чынам хрысціянін можа працаваць над сваімі думкамі, а не слепа ісці за імі, каб яны не завялі ў экзістэнцыяльны тупік, а сталі своеасаблівым «мастком» да Бога.
Святар адзначыў, што думкі маюць вялікі ўплыў на чалавека, паколькі ўплываюць на словы, якія ў сваю чаргу ўплываюць на ўчынкі, а з учынкаў складаецца жыццё.
У прамоўленых канферэнцыях рэкалекцыяніст таксама растлумачыў сэнс посту, звярнуўшы асаблівую ўвагу на малітву як найбольш дзейсны спосаб кіравання думкамі.