17 лютага ў цэнтры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у вёсцы Ляскоўка, што пад Мінскам, адбылася велікапосная сустрэча валанцёраў суполак Caritas, якія дзейнічаюць у парафіях Міншчыны.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі валанцёры, якія актыўна вядуць дабрачынную дзейнасць у парафіях у Заслаўі (дэканат Мінск-Захад), Маладзечне, Нясвіжы і Стоўбцах.
Прысутнічалі і валанцёры, якія толькі пачалі займацца дабрачыннай дзейнасцю ў новаствораных суполках Caritas у архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску і ў парафіі святога Казіміра ў Лагойску.
Сустрэча распачалася святой Імшой у капліцы Дзіцячага дабрачыннага цэнтра святога Лукі, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap.
У гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць духоўнага жыцця, якое вядуць валанцёры.
Святар падкрэсліў, што для таго, каб быць міласэрным, трэба мець глыбокія адносіны з Богам, і Вялікі пост дае чалавеку магчымасць наблізіцца да Бога праз малітву, пост і міласціну.
Пасля супольнай малітвы сястра Валерыя Пацукевіч MSF, якая з’яўляецца адказнай за дабрачынную дзейнасць у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і і якая ўжо другі раз праводзіць сустрэчу з валанцёрамі, прапанавала ім паразважаць над іх асабістымі адносінамі з Богам, запрасіўшы адказаць на шэраг пытанняў. Вось некаторыя з іх: «Бог у маім жыцці: хто Ён для мяне? Хто я для Яго? Як я будую я з Ім адносіны, ці можа, усё зведзена толькі да механічнага чытання малітваў?»
Акрамя таго, сястра папрасіла валанцёраў даць адказ адносна таго, наколькі яны імкнуцца пазнаваць Бога праз чытанне Бібліі, а таксама задумаццца над тым, што апошнім часам для іх было асабліва важным, чым яны асабліва моцна захапляліся і на што ахвяравалі час, каб пераканацца, што ў жыццці не з’явілася ніякай шкоднай залежнасці або дрэннай звычкі, якая становіцца цяжарам для самога чалавека і яго блізкіх.
Другі блок пытанняў датычыўся адносін з людзьмі і змагання з грахамі і заганамі, першая сярод якіх — ганарыстасць.
Далей сястра місіянерка звярнула ўвагу слухачоў на важнасць малітвы. Яна падкрэсліла што малітва — гэта асабістыя зносіны з Богам, дыялог з Ім, дадаўшы, што, калі не адводзіцца належнага часу на размову з Богам, то гэта не малітва, а ўдаванне. «Бог павінен не проста ўдзельнічаць, а быць у цэнтры гэтых зносін», — адзначыла сястра, прапанаваўшы паспрабаваць пачуць голас Бога з дапамогай медытацыі над урыўкам з Евангелля паводле святога Лукі: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову» (Лк 5, 4).
На падставе Святога Пісання законніца растлумачыла сэнс посту і пакаянных практык, адзначыўшы, што важна не блытаць міласціну з дабрачыннасцю.
«Міласціна — гэта мой дар Богу праз маю ахвяру іншаму чалавеку. Міласціна павінна нам „балець“: толькі тады, калі мы адрываем ад свайго сэрца нейкія матэрыяльныя рэчы, а не даем з лішкаў, або калі ахвяруем свой час і адчуваем, што нам гэта чагосьці каштуе, толькі тады міласціна прынясе плод у наша жыццё», — пераконвала сястра Валерыя Пацукевіч, пацвердзіўшы гэта словамі святога Яна Залатавуснага, які называў міласціну «Каралевай цнотаў» і казаў, што яна «адкрывае нябёсы».
Завяршылася сустрэча валанцёраў у Ляскоўцы гімнам Сусветных дзён моладзі 2016 года, якія былі прысвечаны міласэрнасці: «Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць спазнаюць».
Духоўна ўзбагачаныя валанцёры вярнуліся з новымі пастановамі і ідэямі, каб несці Евангелле кожнаму чалавеку праз учынкі міласэрнасці.