Пошук

19.02.2024 13:25   Тэкст: Юры Габрусь, Вераніка Раманенкава / Фота: Марыя Смыковіч, Вераніка Раманенкава / Catholic.by

З пачаткам Вялікага посту, які сёлета распачаўся 14 лютага, у Мінску завяршыўся фестываль мастацтваў «Раство з Капуцынамі».

Ужо ў чацвёрты раз фестываль праходзіў у парафіі святога Францішка Асізскага, што ў мікрараёне Новая Баравая, дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны. У перыяд Божага Нараджэння мерапрыемства дае магчымасць шырокаму колу ахвотных далучыцца да скарбонкі духоўнага мастацтва.

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стала з’яўленне такога адмысловага фармату выступленняў, калі падчас невялікага перапынку браты капуцыны давалі духоўны імпульс і навучанне слова Божага ўсім прысутным.

Другая адметнасць праявілася ў пэўнай арганнай скіраванасці фестывалю, дзякуючы адносна нядаўняму з’яўленню ў святыні цудоўнага аргана майстэрні Грэфэ.

Распачаўся фестываль 30 снежня мінулага года канцэртам «Арганная музыка беларускай мінуўшчыны XVI–XIX стагоддзяў», на якім спявачка Маргарыта Кучук і арганіст парафіі Юры Габрусь па шматлікіх просьбах у другі раз прадставілі ўвазе публікі выбранае са скарбніцы арганнай і духоўнай вакальнай спадчыны нашай краіны ў творах Бакфарка, Като, Рагачэўскага, Сакульскага, Голанда, Манюшкі і іншых кампазітараў.

7 студзеня прагучаў супольны канцэрт дзвюх маладых беларускіх арганістак Аляксандры Машуцінай і Марыі Семенчуковай пад назвай «Зімовыя цуды аргана». Артысткі з вялікім поспехам выканалі творы сусветнай арганнай класікі, прысвечаныя, у тым ліку, тэматыцы Божага Нараджэння, амаль напоўніцу выкарыстаўшы багатыя гукавыя рэсурсы інструмента.

14 студзеня на фестывалі прагучалі спевы брата Вадзіма Войціка OFMCap, які выканаў свае ўласныя творы і шматлікія пераклады свайго аўтарства сусветнай каляднай спеўнай спадчыны. Канцэрт насіў малітоўны характар: кожны прысутны мог памедытаваць, паразважаць і далучыцца да сумеснага спеву з выканаўцам. Працягам канцэрту стала выступленне экзаршага інклюзіўнага хору «Радасць душы» пад кіраўніцтвам Алены Маславай.

21 студзеня фестывальныя канцэрты працягнулі выступы парафіяльных хораў. Сваю творчасць прадставілі хор «Барка» парафіі святога Яна Паўла ІІ са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) і хор парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Наваполацка (Віцебская дыяцэзія). Галоўнай мэтай выступаў касцёльных хораў з’яўляецца папулярызацыя і развіццё беларускай каталіцкай музыкі. Акрамя таго, перад сабранымі ў касцёле выступіла інструментальнае трыо «Грацыя» з Наваполацка, а завяршыўся канцэрт фанфарнымі акордамі аргана ў выкананні Іны Шпілеўскай.

У межах фестывалю 28 студзеня у выкананні Юрыя Габруся адбываўся працяг унікальнай серыі з шасці арганных канцэртаў, прысвечаных усёй арганнай спадчыне геніяльнага дацка-нямецкага кампазітара эпохі барока Дзітрыха Букстэхудэ, які сваёй творчасцю і асобай, апрача іншага, наўпрост паўплываў на фармаванне ранняга стылю самога Ёгана Себасцьяна Баха. Варта адзначыць, што падобны праект ажыццяўляўся раней ў Мінску толькі аднойчы, напрыканцы 1980-х гадоў.

4 лютага сваю музычную, інструментальную, тэатральную і танцавальную творчасць прадэмансравалі гаспадары фестывалю — артысты хора «Транзітус» парафіі святога Францішка.

11 лютага з крыху мінорным роздумам аб надыходзячым часе Вялікага посту прайшоў канцэрт «Угору сэрцы». Артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі Кацярына Крашчук (мецца-сапрана) і Аляксей Загорскі (скрыпка) ў супрацы з Юрыем Габрусём прадставілі глыбока канцэптуальную праграму з твораў вакальнай і інструментальнай італьянскай і нямецкай музыкі барока ў спалучэнні з прэм’ерай пералажэння для скрыпкі і аргана аркестровай Арыі фа мінор беларускага кампазітара мінулага стагоддзя Льва Абеліёвіча.

Выступы камерных класічных калектываў завяршыліся 18 лютага канцэртам ансамбля «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора, клавесініста і піяніста Дзмітрыя Зубава. Чароўныя гукі флейты-траверса (Галіны Мацюкова), амаль чалавечы тэмбр старадаўняй віолы-да-гамба (Аляксандра Іванова), задуменна-арыстакратычныя тоны клавесіна (Дзмітрый Зубаў) напоўнілі святыню узнёслай і нязмушанай музыкай французскага і нямецкага барока.

Падчас прамовы на адным з фестывальных канцэртаў брат Алег Шэнда OFMCap, непасрэдні кіраўнік і арганізатар фестывалю, зазначыў:

«Важным для чалавека з’яўляецца тое, чым ён напаўняе сваю свядомасць і сэрца. Важна тое, што мы чытаем, што глядзім і што слухаем».

 

 

Абноўлена 19.02.2024 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця