Пошук

16.02.2024 10:10   Catholic.by

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

СМУТАК ПАВОДЛЕ БОЖАЙ ВОЛІ ВЯДЗЕ ДА ЗБАЎЛЕННЯ

Пасланне да моладзі на Вялікі пост 2024 года

Хвала Езусу Хрысту!

Вітаю вас, дарагія майму сэрцу маладыя людзі!

Вітаю вас, дарагія браты і сёстры!

Набажэнствам Папяльцовай серады Каталіцкі Касцёл распачаў перыяд Вялікага посту. Пост гэты называецца Вялікім не таму, што працягваецца даволі доўга, ажно 40 дзён, а таму, што падчас яго мы павінны падрыхтавацца да вялікай падзеі — урачыстасці Уваскрасення Пана.

У кантэксце Вялікага посту варта згадаць пра парадокс, які існуе ў сучасным свеце. Ёсць перакананне, што чалавек няспынна павінен сачыць за сваёю фізічнаю формаю, каб заставацца здаровым і маладым. Многія людзі займаюцца спортам, прытрымліваюцца розных дыетаў, часта вельмі строгіх, каб мець здаровае цела і ідэальную фігуру. Нярэдка гэтыя намаганні прыводзяць да галадання, якое, у сваю чаргу, можа выклікаць расстройствы харчовых паводзінаў і нават пагрозу смерці. Людзі (асабліва моладзь) працягваюць «мучыць сябе» толькі дзеля таго, каб добра выглядаць.

Аднак ці многія жадаюць прыкладаць такія ж намаганні для таго, каб паклапаціцца пра сваё духоўнае здароўе, духоўную прыгажосць?

Мы часта занядбоўваем магчымасці, якія дае нам перыяд посту, і забываем пра адрачэнне, якое мае глыбокі духоўны сэнс. Пост — гэта не нагода для пахудзення, а час унутранай барацьбы і ўтаймавання, якое вядзе не да смерці, а да сапраўднага жыцця. Пост — гэта адмаўленне ад чагосьці прыемнага дзеля духоўнага здароўя. У гэты перыяд мы адмаўляемся ад некаторых страваў дзеля важнай духоўнай мэты. Мы таксама больш часу прысвячаем малітве, у тым ліку за іншых людзей, каб быць бліжэй да Бога. Акрамя таго, мы прыкладаем больш намаганняў для таго, каб падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, і такім чынам выконваем евангельскі наказ бескарысліва любіць бліжняга — дзеля любові да самога Пана Бога, а не дзеля свайго добрага імя.

У гэтым кантэксце вельмі ўзрушваюць словы з Кнігі прарока Ёэля: «Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне» (Ёэл 2, 12–13). У біблійнай перспектыве сэрца з’яўляецца цэнтрам усёй чалавечай асобы і вызначае яе ідэнтычнасць. Навяртанне пачынаецца менавіта ў сэрцы і вынікае з досведу Божай любові, а не толькі са знешніх акалічнасцяў ці з пабожных практыкаў.

Вялікі пост — гэта сапраўдны час ласкі Пана. Пакаянне, якое мы практыкуем у Вялікім посце, выяўляецца ў самых разнастайных формах, найперш — праз пост, малітву і міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю і рэлігійнай практыкай нашых продкаў, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах і гучных мерапрыемствах. У час Вялікага посту мы не ладзім вяселляў і пышнага святкавання дзён нараджэння ці імянінаў (пераносім гэтыя мерапрыемствы на больш позні час). Таму часам вы можаце пачуць ад сваіх сяброў, якія не практыкуюць хрысціянскае жыццё: «Сумнае гэта ваша хрысціянства!»

Мае дарагія сябры, менавіта пра гэты «смутак» запрашаю вас паразважаць на пачатку Вялікага посту 2024 года, абапіраючыся на выказванні айцоў Касцёла і вучэнне Папы Францішка.

Сёлета 7 лютага падчас агульнай аўдыенцыі, што адбываецца кожную сераду ў Рыме, Папа Францішак у сваім разважанні засяродзіўся на гэтай небяспечнай загане — смутку, пад якім маецца на ўвазе асаблівае душэўнае расстройства, пастаянная пакута, якая не дазваляе чалавеку адчуць радасць свайго існавання. Пры гэтым Пантыфік заўважыў, што айцы Касцёла адрозніваюць два віды смутку. Ёсць смутак, уласцівы глыбокаму хрысціянскаму жыццю, — ён належыць да працэсу навяртання, з’яўляецца яго неад’емнаю часткаю і дзякуючы Божай ласцы ператвараецца ў радасць. Але ёсць і другі від смутку, які пранікае ў душу і прыгнятае яе: менавіта з гэтым, другім відам смутку трэба змагацца рашуча і з усіх сілаў, бо ён паходзіць ад злога духа. Падобнае адрозненне розных відаў смутку мы знаходзім таксама ў святога апостала Паўла, які піша ў Другім пасланні да Карынцянаў: «…Вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды. Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць» (2 Кар 7, 10).

Мае дарагія сябры, у разважанні Пантыфіка на тэму смутку прагучала цікавая выснова: «смутак паводле Божай волі» праз пакаянне вядзе да выратавання. Што тут маецца на ўвазе? Марнатраўны сын з прыпавесці пра міласэрнага айца, поўнасцю разарыўшыся, адчувае смутак, расчараванне, горыч, якая прымушае яго задумацца над сваім жыццём і ўрэшце вярнуцца ў бацькоўскі дом (гл. Лк 15, 11–20).

Такім чынам, калі смутак выкліканы шкадаванем за свае грахі — гэта Божая ласка.

Іншы від смутку, наадварот, з’яўляецца хваробаю душы. Ён нараджаецца ў сэрцы чалавека тады, калі знікае энтузіязм ці надзея. Тут можна згадаць гутарку вучняў Езуса па дарозе ў Эмаўс, апісаную ў Евангеллі паводле святога Лукі. Апосталы пакідаюць Ерузалем з расчараванымі сэрцамі, і Незнаёмцу, які далучаецца да іх у пэўны момант, яны прызнаюцца: «А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль» (Лк 24, 21).

Дарагія маладыя людзі, у чалавечым сэрцы нараджаецца шмат надзей, але не заўсёды яны апраўдваюцца. Ад расчаравання сэрца чалавека нібы правальваецца ў бездань: ён спазнае прыгнечанасць, падае духам, пакутуе. Кожны з нас у жыцці перажывае пэўныя выпрабаванні, якія могуць прыносіць смутак, таму што рэчаіснасць часта разбурае нашыя мары, і нават белая ружа мае шэры цень. Некаторыя людзі ў падобных сітуацыях паддаюцца меланхоліі, дазваляючы ёй укараніцца ў сваім сэрцы.

Згаджуся з табою, малады сябра, што сёння нялёгка жыць радасцю. Колькі людзей, колькі нявінных дзяцей перажывае цярпенне, боль і трывогу! Цярпенне мае збаўчую моц толькі тады, калі мы прымаем яго з вераю! Боль — гэта вялікая таямніца, якую чалавецтва намагаецца зразумець ад старажытнасці і да нашага часу. Аднак кожны з нас у сваім асяроддзі можа сустрэць людзей, якія радасна перажываюць сваё жыццё, хоць яны паралізаваныя пасля аўтамабільнай аварыі, неасцярожнага нырання або па нейкай іншай прычыне застаюцца нямоглымі. Мы таксама можам назіраць і за тымі нашымі равеснікамі, якія маюць усё: і здароўе, і дастатак, але жывуць нібыта «хворыя»: цярпяць самі і іншым наносяць раны.

Смутак — вельмі хітрая спакуса злога духа.

Айцы пустыні апісвалі яго як «сардэчніка», які знішчае і спусташае таго, хто пускае яго пагасцяваць. Дык што ж нам рабіць, калі нас адольвае смутак? Папа Францішак раіць: спыніцеся і задумайцеся над тым, ці добры гэта смутак? На такое пачуццё трэба рэагаваць у адпаведнасці з яго прыродаю. Не будзем забываць, што смутак можа знішчаць нас, весці да песімізму, да эгаізму, які вельмі цяжка вылечыць. Езус Хрыстус навучаў: «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). Перафразуючы гэтыя словы, можна сказаць: раскажы пра свае мары — і я скажу, дзе тваё сэрца.

Браты і сёстры, мы павінны няспынна чуваць над станам свайго сэрца, нават калі жыццё здаецца нам вельмі супярэчлівым, жаданні — марнымі, сяброўства — страчаным, мары — няздзейсненымі… Дзякуючы ўваскрасенню Езуса мы павінны верыць, што ўсе нашыя цярпенні недарэмныя. Вера праганяе страх, а Хрыстова ўваскрасенне здымае з сэрцаў смутак, як камень з магілы. У пэўным сэнсе кожны дзень для хрысціяніна нясе ў сабе вопыт уваскрасення. Французскі пісьменнік Леон Блуа пакінуў нам цудоўнае выказванне: «Ёсць толькі адна прычына для смутку — не быць святым».

Таму няхай уваскрослы Езус дапаможа нам перамагчы смутак святасцю. Праз церні — да зорак!

Дарагія маладыя людзі! Папа Францішак у сваім слове да навучэнцаў ламбардскай школы Collegio Rotondi заклікаў ва ўсім шукаць праўду: «Не паддавайцеся часовай модзе або дамінуючаму мысленню, колькасці „лайкаў“ ці падпісчыкаў — гэта не самае галоўнае, бо спадзяванне на іх можа пазбавіць нас свабоды». Не трэба баяцца змяніць свой вобраз мыслення, калі гэтага патрабуе рэчаіснасць, не трэба баяцца пераняць вопыт старэйшых сяброў, якія рэалізуюць у сваім жыцці ўзнёслыя маральныя ідэалы.

На думку Папы Францішка, вельмі важна, каб сэрцы маладых людзей былі адкрытыя на іншых. Для гэтага неабходна вучыцца жыць у супольнасці, вучыцца жыць разам і ў радаснай атмасферы. «Веды памнажаюцца, калі мы дзелімся імі з іншымі. Мы сталеем, а сталенне азначае ўменне весці дыялог — дыялог з Богам, з бацькамі, з настаўнікамі і выхавацелямі, дыялог адзін з адным, а таксама з тымі, хто думае інакш, каб заўсёды вучыцца новаму і дазваляць кожнаму дзяліцца тым, што ён мае».

Дарагія сябры, распачаўся чарговы Вялікі пост — асаблівы і выключны час, калі Касцёл, наша духоўная Маці, заклікае нас да «сталення», да адказнасці за сваё духоўнае жыццё. Вялікі пост — гэта таксама час цішыні, роздуму, дыялогу — прынамсі да гэтага нас заклікае сумленне — наш найлепшы духоўны «настаўнік». Хтосьці сказаў, што найпрыгажэйшая мелодыя — гэта цішыня, бо тады мы чуем рытм сваёй душы.

Можна сказаць, што Вялікі пост — гэта перыяд «настройкі» душы на рытм Касцёла, на рытм жыцця ў радасці Евангелля: Езус жывы — Ён сярод нас!

Агонь гарыць і затухае, але часта пад грудай попелу іскры тлеюць яшчэ доўгі час. Дастаткова дзьмухнуць у вугольчыкі, каб агонь нанава разгарэўся прыгожым полымем. Так і з чалавечым сэрцам: яно мае ў сабе агеньчык руплівасці, але тысячы справаў, нягодаў, клопатаў — гэта попел, які пакрывае яго, і таму Вялікі пост — спрыяльны час, каб раздзьмуць вуголле, прагнаць варожы сум і зноў запаліць сэрца вераю, надзеяй і любоўю.

Давяраючы ўсіх нас заступніцтву Багародзіцы Марыі, Апякункі Беларусі ў Будслаўскай святыні, на сёлетні перыяд Вялікага посту ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Юзаф Станеўскі

Старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі,
пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 11 лютага 2024 г., успамін Маці Божай з Люрда

Абноўлена 16.02.2024 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця