25 студзеня, у свята Навяртання святога апостала Паўла, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая святая Імша ў 10-ю гадавіну з часу біскупскага пасвячэння Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цэлебрацыю ўзначаліў сам іерарх, які дзесяць гадоў таму ў галоўнай сталічнай святыні стаў біскупам.
Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які тады быў галоўным пасвячаючым біскупам, а таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які за тыдзень да гэтага таксама адзначыў 10-годдзе свайго біскупскага служэння. У цэлебрацыі ўзялі ўдзел Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і паўтара дзясятка святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі: як дыяцэзіяльных, так і прадстаўнікоў манаскіх інстытутаў.
На пачатку святой Імшы біскуп Касабуцкі сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў, сабраных у мінскай катэдры, а таксама тых, хто духоўна далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by. Іерарх дадаў, што ў гэтай Эўхарыстыі дзякуе Богу за дар жыцця, за сваіх бацькоў, выхаваўцаў, за дар паклікання і служэння.
«Прашу памаліцца за мяне, за гэтае маё служэнне; за тое, што Бог хоча ад мяне, каб я здзейсніў у гэтым жыцці, і каб гэтае жыццё прывяло да Божага, нябеснага Валадарства», — звярнуўся да прысутных іерарх.
У прамоўленай гаміліі ён прызнаўся, што так, як апостал Павел да свайго навяртання, часам не разумеў Божых планаў у сваім жыцці, але з даверам да Бога, насуперак усім сумневам, прымаў Яго волю нават тады, калі гэта было няпроста. Біскуп Касабуцкі дадаў, што ў гэтым яму дапамагалі людзі, якіх Бог ставіў на ягоным шляху. З удзячнасцю і цеплынёю іерарх узгадаў і маладзечанскага пробашча ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, які дапамог яму адкрыць і рэалізаваць пакліканне да святарства, і кардынала Казіміра Свёнтка, які скіраваў яго на далейшую вучобу, а потым прызначыў прэфектам Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Пінску, і прысутнага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з якім Юрый Касабуцкі доўгі час працаваў як канцлер Мітрапалітальнай курыі, а потым як дапаможны біскуп, заўсёды захапляючыся яго глыбокай верай і моцай духа.
Іерарх адзначыў, што дзень 25 студзеня, у які Касцёл адзначае свята навяртання святога апостала Паўла, асаблівы ў ягоным жыцці, бо за дванаццаць гадоў да біскупскага пасвячэння ў гэты самы дзень ён трапіў у сур’ёзную аўтамабільную аварыю, у выніку якой перажыў клінічную смерць і цэлы год правёў у шпіталі, што прымусіла яго на многія рэчы ў жыцці паглядзець па-новаму.
Біскуп узгадаў, што калі Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці ўпершыню пачаў з ім размову пра магчымасць біскупскага служэння, ён быў да гэтага зусім не гатовы. Аднак у малітве прыйшло натхненне: калі гэта Божая справа, то супраціўляцца не мае сэнсу, а калі чалавечая, то ўсё адно нічога не выйдзе.
«Я стаў біскупам, і з таго моманту стараўся ў сваім жыцці кіравацца тым дэвізам, які я сабе абраў тады, яшчэ дзесяць гадоў таму: „Трываць у Хрысце“. Гэта трыванне, гэта малітва, перажыванне кожнай справы, кожнага задання з Богам, з Хрыстом. Гэта дапамагае мне прымаць розныя рашэнні, якія трэба; дапамагае перажываць розныя выпрабаванні і складанасці. Трыванне ў Хрысце дапамагае быць тым, кім я пакліканы быць», — падзяліўся біскуп Касабуцкі. На заканчэнне гаміліі іерарх заахвоціў усіх быць сведкамі Хрыста, абвяшчаць Яго іншым людзям, несці Божае слова кожнаму чалавеку.
Дзякуючы людзям за малітву, якая падтрымлівае яго ў складаныя хвіліны, біскуп дадаў: «Дзесяць гадоў біскупскага служэння — гэта не толькі дзесяць гадоў аднаго чалавека: гэта наша супольная праца. І таму я дзякую ўсім вам за гэты ўдзел у маім біскупстве», — сказаў біскуп Касабуцкі.
Напрыканцы святой Імшы са словамі віншавання ад свайго імя і ад імя ўсяго епіскапату да біскупа Касабуцкага звярнуўся Старшыня ККББ біскуп Буткевіч.
«Час ляціць вельмі хутка, і гэтыя дзесяць гадоў у адно імгненне праляцелі, але разам з тым думаю, што за гэты час Бог і ў тваім жыцці, і праз тваю паслугу пакінуў шмат добрага ў людскіх сэрцах», — заўважыў Віцебскі біскуп. Ён дадаў, што ў жыцці Юрыя Касабуцкага можна ўбачыць шмат падабенства з апосталам Паўлам, і пажадаў, каб так, як гэты руплівы апостал, ён нястомна абвяшчаў Евангелле сучасным людзям. Біскуп Буткевіч таксама выказаў пажаданне, каб дарога служэння біскупа Касабуцкага была «простай, выразнай і была сведчаннем тваёй любові да Бога, сведчаннем моцы Яго дзеяння ў жыцці чалавека».
З віншаваннямі да іерарха звярнуўся архімандрыт Гаек, які падзякаваў біскупу Касабуцкаму за падтрымку духавенства і вернікаў Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў якасці падарунка перадаў іерарху абраз святых Кірыла і Мятода, даручыўшы яго служэнне заступніцтву гэтых вялікіх славянскіх асветнікаў.
Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваім віншавальным слове напачтку ўзгадаў, што «дзесяць гадоў таму па Беларусі прайшоў „марафон“ біскупскіх пасвячэнняў», калі на працягу двух тыдняў у краіне з’явіліся тры новыя біскупы. Заслужаны іерарх даў высокую ацэнку першаму дзесяцігоддзю пастырскага служэння біскупа Касабуцкага.
«Як сучасны апостал Павел, ён з біскупскай паслугай калясіць па ўсёй Беларусі. Яго слова, якое плыве з глыбіні сэрца, умацавана грунтоўнымі тэалагічнымі і біблійным ведамі, прыпраўленае здаровым гумарам, захапляе і дае людзям новую надзею. Ён вучыць выконваць Божую волю нават там, дзе чыста па-чалавечы гэта немагчыма, невыгодна, непапулярна і складана. Для гэтага бярэ на свае плечы крыж і яго нясе нават тады, калі нас атачае непаразуменне, бо крыж — гэта знак перамогі любові над нянавісцю», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пажадаўшы біскупу Касабуцкаму адважна ісці далей і не пераставаць абвяшчаць Божае слова.
Віншаванні з нагоды дзесяцігоддзя біскупскага пасвячэння біскупу Юрыю Касабуцкаму выказалі прадстаўнікі моладзі, Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, калектыву «Радыё Марыя», групы сем’яў з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе іерарх раней быў пробашчам, рухаў «Маці ў Малітве» і «Маргарытка».