Дзесяць гадоў таму, 25 студзеня 2014 года, у свята Навяртання святога апостала Паўла, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Юрыя Касабуцкага, якога Папа Францішак менаваў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Галоўным пасвячаючым біскупам быў тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, асістуючымі — тагачасны Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і тагачасны Генеральны сакратар ККББ біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У сучаснай гісторыі мінскага архікатэдральнага касцёла біскупскае пасвячэнне Юрыя Касабуцкага стала другім пасля пасвячэння ў 1999 годзе біскупа Кірыла Клімовіча, які пазней быў прызначаны ардынарыем дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку.
На пачатку Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў прысутных маліцца аб тым, каб новы біскуп «быў сапраўдным апосталам Паўлам», «прапаведнікам Евангелля, якога так патрабуе сучасны свет», «каб Бог падарыў яму неабходныя сілы, мудрасць і святасць».
Тагачасны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прачытаў намінацыйную булу Святога Айца Францішка. «Мы заўсёды імкнемся дапамагаць кіраўнікам дыяцэзій, якія са слушных прычынаў просяць у Нас дапаможных біскупаў, каб больш плённа спаўняць сваё служэнне. Вось жа, Мы з прыхільнасцю прыслухаліся да просьбаў вялебнага брата Тадэвуша Кандрусевіча, арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі лацінскага абраду, які гэтае прашэнне скіраваў з прычыны вялікай колькасці вернікаў, прыналежных да яе, — было сказана ў буле. — Нам застаецца толькі, умілаваны сыне, даручыць цябе заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з гарачай мацярынскай любоўю апякуецца ўсімі, каго прыняла як сваіх сыноў пад крыжам Хрыста».
Гаворачы пра прызначэнне Папам Францішкам для Касцёла ў Беларусі трох новых біскупаў — Алега Буткевіча, які прыняў біскупскае пасвячэнне за тыдзень да гэтага, Юрыя Касабуцкага і Юзафа Станеўскага, чыё пасвячэнне было прызначана на 1 лютага 2014 года, — арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў: «Іх прызначэнне наступнікамі Апосталаў — гэта знак жыццёвасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго надзеі і ўзбагачэння, а таксама павагі Апостальскага Пасаду да нашай краіны».
Арцыпастыр выказаў шчырую падзяку маці выбранага, прысутнай на ўрачыстасці. «Па праву ганарыся сёння, сям’я Касабуцкіх! Ганарыся, горад Маладзечна і парафія святога Юзафа! Ганарыся, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя! Ганарыцеся ўсе, хто стаяў на яго шляху да святарства і біскупства!» — сказаў іерарх.
Нагадаўшы, што дэвізам свайго служэння біскуп Юрый Касабуцкі абраў словы з Евангелля Manere in Christo — «Трываць у Хрысце» (пар. Ян 15, 4) — арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў: «Гэта азначае, што сваё біскупскае служэнне ты хочаш звязаць з Хрыстом, бо добра ведаеш, што без Яго нічога не можам зрабіць».
Іерарх назваў сімвалічным тое, што гэтае пасвячэнне адбывалася ў свята Навяртання святога Паўла, Апостала, «які таксама заклікаў да трывання ў Хрысце, як умовы плённага служэння Богу і людзям».
«Цябе чакае Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Касцёл у Беларусі. Чакае і верыць, што з тваім прыйсцем і прыйсцем яшчэ дваіх новых біскупаў — Алега Буткевіча і Юзафа Станеўскага — у яго ўвальецца новы подых Святога Духа, каб прывесці яго да новай вясны», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.
У абрадзе пасвячэння ўсе біскупы, пачынаючы з Тадэвуша Кандрусевіча, па чарзе ўсклалі рукі на галаву выбранага ў знак яго далучэння да калегіі біскупаў. Пасля намашчэння хрызмам новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа — абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія адзнакі — пярсцёнак, мітра і пастарал. Пярсцёнак — знак вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу — Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал — сімвал пастырскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення.
Напрыканцы літургіі нунцый Гуджэроцці, звяртаючыся да новага біскупа і ўсіх прысутных, з жартам сказаў:
«Сёння над беларускай зямлёй свеціць асабліва прыгожае сонца, каб аздобіць гэтую ўрачыстасць. Але тым не менш холадна — таму быў пасвячаны новы біскуп, каб ён прынёс цяпло Божага сэрца. Ён малады, таму мае моцнае сэрца». Прадстаўнік Папы дадаў, што віншаванні праз яго кіруе ў гэты дзень Святы Айцец. Апостальскі нунцый ад імя Папы выказаў асаблівую падзяку бацькам новага іерарха, а таксама верніцы вілейскай парафіі Ядвізе Пастэрнак, за тое, што «ў часы, халодныя да веры, яны змаглі сагрэць сэрца гэтага народа».
«Папа Францішак вельмі часта нагадвае, што нам трэба ісці на перыферыю. Тут вельмі шмат гэтых перыферый. І ўсе чакаюць дапамогі новага біскупа, — звярнуўся прадстаўнік Святога Айца да біскупа Юрыя Касабуцкага. —
З пастаралам, які вы атрымалі, вы пойдзеце наведваць усіх людзей, якія вас чакаюць — чакаюць добрага пастыра, які прыходзіць, каб абвяшчаць збаўленне», — сказаў нунцый Клаўдыё Гуджэроцці, пасля чаго пацалаваў пярсцёнак на руцэ новапасвячанага біскупа.
Біскуп Юрый Касабуцкі на працягу дзесяці гадоў нясе служэнне ў якасці дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з’яўляецца яе Генеральным вікарыем. 10 лістапада 2021 года на 82-м Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі іерарх быў абраны Генеральным сакратаром беларускага каталіцкага епіскапату, у якім таксама ўзначальвае Камісію па справах духавенства і Раду па сродках масавай камунікацыі.