Пошук

03.01.2024 11:29   Тэкст: Людміла Смыковіч / Фота: Аліцыя Грыцук / Catholic.by

30 снежня ў мінскім касцёле Божага Цела, дзе нясуць сулжэнне кармэліты босыя, адбылася аплаткавая сустрэча малітоўнага руху «Маці ў малітве», на якой удзельніцы пазнаёміліся з новапрызначаным духоўным кіраўніком руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцом Юрыем Кулаем OCD. 

Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Галоўнай інтэнцыяй стала падзяка Пану Богу за дар мацярынства, як за благаслаўлёнае і годнае пакліканне, а таксама за сем’і і мінулы год. Таксама прысутныя маліліся за Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які не змог прысутнічаць на сустрэчы.

На мерапрыемстве прысутнічалі больш за сотню матуль з розных дыяцэзій Беларусі.

Падчас сустрэчы адбылася важная падзея для ўздельніц руху з Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі — знаёмства з духоўным кіраўніком, якім Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нядаўна прызначыў айца Юрыя Кулая OCDПрызначэнне адказным за душпастырства менавіта кармэліта босага адбылося ў 150-ю гадавіну з дня нараджэння Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.

Падчас мерапрыемства Людміла Губіна, каардынатар малітоўнага руху «Маці ў малітве» на Беларусі, падзялілася ўражаннямі аб міжнароднай сустрэчы каардынатараў руху, якая адбывалася на пачатку снежня ў Лізьё (Францыя).

Людміла перадала віншаванні і падзяку матулям ад біскупа Нікаля Бруве, які суправаджаў міжнародную сустрэчу руху «Маці ў малітве» у Лізьё. Гэтыя словы ён скіраваў у санктуарыі Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.

«Вы вучыце Касцёл таму, што рэгулярная малітва, нават у маленькіх групах, прыносіць плён. Вы нагадваеце Касцёлу пра яго пакліканне быць маці. Маці, якая нараджае, якая ніколі не перастае нараджаць сваіх дзяцей праз хрост і сакрамэнты. Маці, якая навучае і суправаджае. І мы дзякуем вам за гэта ад імя Касцёла»,

— звярнуўся да ўдзельніц руху біскуп Нікаля Бруве.

Падчас сустрэчы ў Мінску прагучалі калядныя спевы ад айцоў-кармэлітаў. Прысутныя віншавалі адзін аднаго і дзяліліся аплаткай.

Рух «Маці ў малітве» адзін з наймалодшых, але ўжо заўважны ў каталіцкім свеце. Яму яшчэ няма і 30-і гадоў, але малітоўныя групы створаны ўжо больш чым у 120-і краінах свету, і ён аб’ядноўвае дзясяткі тысяч матуль.

Пачаткам дзейнасці руху «Маці ў малітве» на Беларусі лічыцца люты 2001 года. Менавіта ў гэты час, з благаслаўлення ксяндза Міхала Сапеля, была створана першая малітоўная група ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. А ў 2002 годзе кардынал Казімір Свёнтак удзяліў благалаўленне каардынатару Людміле Губінай на стварэнне малітоўных груп па ўсёй краіне. Сёння рух аб’ядноўвае каля 900 матуль з розных куткоў Беларусі.

Абноўлена 04.01.2024 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа