Пошук

14.12.2023 17:45   Catholic.by

14 снежня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла перадкалядная сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая завяршылася традыцыйным дзяленнем аплаткай.

У пастырскай сустрэчы ў галоўным касцёле сталіцы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дзясяткі святароў і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях на тэрыторыі Мінскай і Магілёўскай вобласцяў. Сустрэча распачалася з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго духоўны айцец святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла з Вілейкі прамовіў аскетычную канферэнцыю, якую ў перыяд Адвэнту прысвяціў аднаму з сямі галоўных грахоў — зайздрасці.

Цэлебрацыю святой Імшы ў межах сустрэчы ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне з просьбаю ад імя ўсяго духавенства архідыяцэзіі перадаць Святому Айцу віншаванне з днём нараджэння, які ён неўзабаве адзначыць, а таксама запэўненне ў малітве за яго.

Апостальскі нунцый прамовіў гамілію, у якой перадусім звярнуў увагу на важнасць засяроджання і асвячэння, каб годна падрыхтвацца да сустрэчы з Хрыстом.

«У гэты дзень мы таксама будзем дзяліцца паміж сабой аплаткамі на знак братэрскага дзялення нашымі радасцямі, блізкасці да нашых братоў і сясцёр, перш за ўсё да тых, хто пакутуе і патрабуе нашай увагі», — дадаў нунцый Ёзіч.

«Дарагія браты і сёстры, мы рыхтуемся адзначыць радаснае свята, калі другая Божая Асоба, Езус Хрыстус, прыняў чалавечае цела і стаўся чалавекам. <…> З Нараджэннем Езуса свет цалкам змяніўся, таму што Хрыстос прыйшоў, каб узвысіць нас, змяніць прыроду, палепшыць яе і ўсё асвяціць. З уцелаўленнем Хрыста чалавек адчувае Божую блізкасць, сяброўства і любоў, якія абуджаюць ў нас хрысціянскую веру», — адзначыў іерарх.

Ён працытаваў словы святой Маці Тэрэзы з Калькуты, якая аднойчы сказала сваім сёстрам: «Мая малітва за вас, каб Хрыстус прыйшоў да вас на наступнае Божае Нараджэнне і знайшоў у вас цёплы дом, жывую любоў».

«Каб па-сапраўднаму адчуць таямніцу Божага Нараджэння, трэба, каб у нас нарадзіўся Хрыстос і каб кожны з нас стаў пячорай, у якой уцелавіцца Усемагутны Бог. Толькі тады Ён зможа перамяніць нашу чалавечую прыроду і мы станем Яго сапраўднымі сынамі і дочкамі, дзецьмі Божымі.

Там, дзе Хрыстус, няма зла і нянавісці. Там заўсёды пануюць радасць, мір, любоў і еднасць у Духу Святым», — падкрэсліў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што «надыходзячая ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца шчаслівай нагодай памаліцца за супакой у свеце і за тых, хто пакутуе, перш за ўсё за нашых братоў і сясцёр ва Украіне і на Святой Зямлі, дзе кожны дзень шмат нявінных людзей губляе жыццё без аніякай прычыны».

Апостальскі нунцый звярнуў увагу на тое, што ў сучасным грамадстве сям’я, якая з’яўляецца крыніцай і асновай новага жыцця, перажывае сур’ёзны крызіс, заахвоціўшы ўдзельнікаў дня засяроджання маліцца аб аднаўленні і ўзрастанні хрысціянскіх сем’яў у парафіях і ва ўсёй краіне. Ён заўважыў, што, паколькі любоў да Бога праяўляецца праз любоў да іншых, нельга забывацца пра бедных, адкінутых, хворых і людзей пажылога ўзросту.

«Сёння мы жывем у свеце, поўным палітычнай і эканамічнай нявызначанасці, несправядлівасці і войнаў, але Нараджэнне Езуса заўсёды прыносіць нам евангельскую радасць і натхненне для нашага жыцця. Таму мы ўсе запрошаны прыняць гэтую Добрую Навіну Езуса і сведчыць аб ёй сваім жыццём», — сцвердзіў прадстаўнік Святога Айца.

На заканчэнне гаміліі ён выказаў усім пажаданне мірных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2024 года, напоўненых шчодрымі ласкамі і благаслаўленнем для евангельскай місіі.

«Няхай Дзіцятка Езус, які неўзабаве прыйдзе да нас, дасць усім нам, нашым сем’ям і сябрам больш спакою, радасці і любові, каб адчуць прыгажосць таямніцы Божага Нараджэння», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч.

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, падчас якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў аб новых прызначэннях у архідыяцэзіі. Першым з абвешчаных дэкрэтаў арцыпастыр прызначыў сястру Чаславу Навіцкую з Кангрэгацыі сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага адказнай за душпастырства дзяцей, ксяндза Дзмітрыя Чупрына, пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, — адказным за душпастырства міністрантаў, а айца Юрыя Кулая, кармэліта босага, — душпастырам малітоўнага руху «Маці ў малітве».

Нарэшце, усе прысутныя сабраліся пры супольным стале ў дольным касцёле. Благаслаўляючы аплаткі, біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на сімвалічнасць таго, што гэты традыцыйны калядны абрад адбываецца ў сутарэннях, нібы ў пячоры, дзе спрадвечнае Божае Слова сталася целам, або так, як першыя хрысціяне калісьці збіраліся на супольныя малітвы ў катакомбах. Іерарх заахвоціў братоў у святарстве і кансэкраваных асоб такім жа чынам, як яны дзеляцца аплаткамі, дзяліцца Хрыстом з усімі людзьмі; дзяліцца з імі радасцю збаўлення.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.