Пошук

14.12.2023 16:10   Catholic.by
Сястра Часлава Навіцкая USJK

14 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў аб новых прызначэннях у архідыяцэзіі.

У гэты дзень у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску праходзіла перадкалядная сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля святой Імшы, цэлебрацыю якой у галоўнай святыні архідыяцэзіі ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, і перад традыцыйным дзяленнем аплаткай адбылася арганізацыйная частка сустрэчы. Падчас яе арцыбіскуп Станеўскі ўручыў дэкрэты аб новых прызначэннях.

Першым з іх арцыпастыр прызначыў сястру Чаславу Навіцкую з Кангрэгацыі сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага адказнай за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Уручаючы дэкрэт сястры Чаславе, іерарх падкрэсліў важнасць душпастырскага клопату пра падрастаючае пакаленне. «Дзеці — гэта наша будучыня: гэта будучыня Касцёла, пра якую неабходна паклапаціцца ўжо цяпер», — заўважыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён пажадаў новапрызначанай адказнай поспехаў у гэтым няпростым служэнні, падмацаваўшы пажаданне пастырскім благаслаўленнем.

Сястра Часлава Навіцкая USJK з’яўляецца кіраўніцай заснаванай ёю Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай, пры якой у Мінску дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Галоўная задача Місіі — выхаванне і адукацыя падрастаючага пакалення на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў — ужо не першы год паспяхова рэалізуецца пад кіраўніцтвам сястры Чаславы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця