Пошук

29.12.2023 11:05   ave-maria.by
Фота: ave-maria.by

Гісторыя Касцёла ў Беларусі і найбольш знакамітых святыняў нашага Краю, выбітныя асобы мінуўшчыны, якія паўплывалі на развіццё Касцёла і сакральнага мастацтва, даследаванні і ўспаміны — усё гэта ажывае яркімі фарбамі на старонках чацвёртага нумара квартальніка «Наша вера» (№ 4, 2023).

Пазнаёміцца з новымі публікацыямі гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў у часопісе запрашаюць супрацоўнікі рэдакцыі на сайце ave-maria.by.

Гэты нумар часопіса пачынаецца публікацыяй даклада арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча «Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч і заснаванне Магілёўскай мітраполіі», прачытанага ў Магілёве з нагоды юбілею Мітраполіі.

225-годдзю Мінскай дыяцэзіі прысвечаны рэферат ксяндза доктара Юрыя Дразда з Гомеля.

У рубрыцы «Постаці» друкуецца артыкул гісторыка Андрэя Шпунта «Айцец Адам Абрамовіч SІ — першы рэктар Collegium Nobilium у Вільні».

Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка і Іван Сінчук у артыкуле «Бэнэдыктынскі цудатворны абраз Дзевы Марыі Весабрунскай» прапануюць чытачам заканчэнне сваіх разважанняў пра адну з найкаштоўнейшых каталіцкіх святыняў.

У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца артыкул рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага «Род Альдабрандзіні — апекуноў мастацтва» (разважанне аб італьянскім паходжанні Будслаўскай Адзігітрыі).

Ганна Шаўчэнка ў артыкуле «Абраз Маці Божай Будслаўскай: новыя старонкі ў гісторыі і сучаснасці» распавядае пра кнігу «Апякунка Беларусі», выдадзеную ў мінскім выдавецтве «Pro Christo» у адыходзячым годзе.

У рубрыцы «Вяртаючыся да надрукаванага» змешчана даследаванне Алега Глекава «Гісторыя працягваецца…» пра сучасныя копіі і спісы абраза Маці Божай Будслаўскай.

Гісторык Таццяна Шумель прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Вандруем па святынях. Касцёл у Радашковічах».

Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Іконы ў хаце беларусаў» цікава апавядае пра рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла.

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы паэтаў Дануты Бічэль і Георгія Ліхтаровіча.

225-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча прысвечана публікацыя літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч «О Марыя з Барунаў, ратуй…» і вершы паэта ў яе перакладзе.

У рубрыцы «Пераклады» друкуюцца вершы вядомай рускай паэткі, філолага, перакладчыцы Вольгі Седаковай у перастварэнні на беларускую мову Аксаны Данільчык.

У эсэ Крыстыны Лялько «Скрыганова поле» апавядаецца пра ўшанаванне памяці вядомага беларускага пісьменніка ягонымі нашчадкамі.

Магістр мастацтвазнаўства Ян Лысы ў артыкуле «Аповесць Васіля Быкава „Ліквідацыя“ і яе экранізацыя» распавядае пра сусветнавядомы твор беларускага пісьменніка і яго ўвасабленне ў кіно.

Абноўлена 29.12.2023 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.