Пошук

23.06.2023 13:57   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / Catholic.by

Асаблівасцю сёлетняга фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, які пройдзе 30 чэрвеня і 1 ліпеня, стане святкаванне 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза папскімі каронамі.

Перад гэтым абразом вернікі ўжо больш за 400 гадоў выпрошваюць у Панны Марыі шматлікія ласкі і цуды, да яго прыходзяць зблізку і здалёку, каб памаліцца і ўшанаваць верную Апякунку Беларусі. Аднак няшмат хто ведае гісторыю гэтай нацыянальнай святыні. Доўгія стагоддзі наклалі свой адбітак амаль на кожнай дэталі маляванага абраза, яго багата аздобленай шаце і раме. І мала хто ўяўляе сапраўдны маштаб культу Маці Божай Будслаўскай, які ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваўся.

З гэтай нагоды каталіцкае выдавецтва «Pro Christo» падрыхтавала змястоўную кнігу «Апякунка Беларусі», прысвечаную цудадзейнаму абразу Маці Божай Будслаўскай.

Пад адной вокладкай ва ўнікальным выданні сабраныя тры важкія працы, кожная з якіх па-свойму раскрывае духоўнае багацце і ролю ў каталіцкім жыцці нашага Краю гэтага незвычайнага абраза.

Першы раздзел — «Абраз Маці Божай Будслаўскай» — гэта праца мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча, дзе сцісла распавядаецца пра гісторыю Будслава і ўзнікненне цудадзейнага абраза; пра цуды, звязаныя з ушанаваннем Маці Божай Будслаўскай і занатаваныя ў кнізе аднаго з гвардыянаў даўняга будслаўскага кляштара. У раздзеле таксама падаецца цікавая інфармацыя пра старажытныя спісы і копіі цудадзейнага абраза Маці Божай.

У другім раздзеле — «Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай у 1632–1783 гг.» — рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе сваё даследаванне гісторыі цудадзейнага абраза, яго срэбранай шаты, каронаў Маці Божай і Дзіцяткі Езуса, а таксама багата аздобленай рамы.

Аўтар меў магчымасць назіраць за рэстаўрацыяй абраза, якая была праведзена ў 2021–2022 гадах і дала магчымасць блізка судакрануцца з кожнаю дэталькаю на ім, што мае сваё загадкавае і цікавае паходжанне.

Трэці раздзел — «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» — належыць аўтарству Алега Глекава, мастацкага і тэхнічнага рэдактара выдавецтва «Pro Christo». Ён сабраў грунтоўную інфармацыю пра ўзнікненне, паходжанне і распаўсюджванне спісаў і копій цудадзейнага абраза з часоў адраджэння рэлігійнага жыцця і культу Маці Божай Будслаўскай на нашых землях. Акрамя таго, аўтар распавядае пра ўвасабленне вобраза Марыі з цудадзейнага абраза ў мастацкіх працах і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Аўтары і калектыў выдавецтва «Pro Christo» спадзяюцца, што кніга «Апякунка Беларусі» паспрыяе яшчэ большаму пашырэнню культу Маці Божай Будслаўскай, а таксама заахвоціць чытачоў заставацца вернымі ў сваёй малітве да Панны Марыі, не пакідаць надзеі і памятаць, што Багародзіца сама заўсёды прагне адорваць нас шматлікімі ласкамі, нават такімі, аб якіх мы не просім.

Набыць кнігу «Апякунка Беларусі», якая стане цудоўным сувенірам або падарункам, можна будзе на Будслаўскім фэсце ў кіёсках выдавецтва «Pro Christo» і Нацыянальнага санктуарыя.

Абноўлена 29.12.2023 11:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.