Пошук

14.12.2023 09:11   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

13 снежня, ва ўспамін святой Люцыі, панны і мучаніцы, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылася музычна-культурная вечарына, арганізаваная пасольствам Швецыі ў Беларусі.

Паводле жыццяпісу, святая Люцыя была забітая ў Сіракузах падчас пераследу хрысціянаў у часы імператара Дыяклетыяна, калі, нягледзячы на жудасныя катаванні, не адраклася ад веры. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а імя нават узгадваецца ў Рымскім каноне — першай Эўхарыстычнай малітве. Святая Люцыя лічыцца асаблівай апякункай сляпых і хворых на вочы, а таксама хворых дзяцей.

На вечарыну ў Залатагорскім касцёле сабраліся запрошаныя госці, сярод якіх былі прадстаўнікі дыпламатычных місій у нашай краіне.

Імпрэза распачалася з выканання на скрыпцы сола твораў вядомага шведскага кампазітара XVIII стагоддзя Юхана Хэльміка Румана.

Як адзначыла Часовы Павераны ў справах Швецыі ў Беларусі Ева Сундквіст, святкаванне дня святой Люцыі, або Люсіі, з’яўляецца адной з галоўных рэлігійна-культурных традыцый Швецыі.

Дзень яе ўспміну стаў даволі папулярным святам у Паўночных краінах, жыхары якіх лічаць, што Люсія нясе людзям святло і надзею ў змрочныя часы і служыць увасабленнем добрых сілаў.

Фэсты ў гонар Люсіі распачаліся ў Швецыі яшчэ ў Сярэднявеччы. Сучасная традыцыя правядзення публічных люсійных працэсій у краіне датуецца 1927 годам. Гэты дзень святкуецца сёння ў большасці гарадоў, мястэчак і вёсак Швецыі, і амаль кожная ўстанова, школа і нават дзіцячы садок маюць свой хор Люсіі.

Люсійную працэсію з традыцыйнымі спевамі на шведскай, беларускай і англійскай мовах зладзіў на Залатой Горцы мінскі Госпел Хор. Пасля заканчэння музычнай праграмы на двары каля касцёла ўсіх прысутных чакалі традыцыйныя шведскія прысмакі: шафранныя булачкі з разынкамі, імбірнае печыва і гарачы напой — шведскі глёг.

 

Абноўлена 14.12.2023 09:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа