9 снежня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў парафію святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна адной з найстарэйшых каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў у нашай краіне.
Свірская парафія, вядомая з 1452 года, — не толькі адна з найстарэйшых, але тэрытарыяльна даволі ўнікальная, бо захавалася ў гістарычных межах, вызначаных яшчэ у той час, калі яна ўваходзіла ў склад Віленскай дыяцэзіі.
Сёння гэта не толькі старадаўняе мястэчка Свір, размешчанае на берагах маляўнічага Свірскага возера і рэчкі Свірыцы з чыстай празрыстай вадой, што не замярзае нават у лютыя маразы, але яшчэ і больш за два дзясяткі вёсак, вёсачак і хутароў на тэрыторыі трох раёнаў: Мядзельскага, Астравецкага і Смаргонскага, што ўваходзяць у склад дзвюх вобласцяў: Мінскай і Гродзенскай.
Старадаўнюю парафію, слаўную сваёй гісторыяй, Апостальскі нунцый наведаў упершыню. Вітаючы высокага госця, шматгадовы свірскі пробашч ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, перадусім адзначыў, што «за амаль шасцісотгадовую гісторыю парафіі святога біскупа Мікалая ў Свіры, бадай, упершыню мы маем гонар вітаць у нашым касцёле прадстаўніка Святога Айца».
«Шматвяковая гісторыя нашай парафіі і нашага парафіяльнага касцёла адлюстроўвае перапляценне лёсаў многіх пакаленняў; людзей многіх нацыянальнасцяў, традыцый і веравызнанняў — беларусаў, палякаў, літоўцаў, яўрэяў, рускіх; католікаў, праваслаўных, старавераў і паслядоўнікаў юдаізму.
Наша парафіяльная супольнасць вырастае з гэтай вялікай духоўнай спадчыны мясцовага Касцёла і чэрпае з плёну святасці шматлікіх нашых папярэднікаў. З любові да Марыі, мы на працягу стагоддзяў пілігрымуем і да Вострай Брамы, і да Будслава», — пазнаёміў прадстаўніка Папы з гісторыяй і асаблівасцю парафіі яе душпастыр. Святар дадаў, што «дзякуючы нашым святым апекунам — старажытнаму святому Мікалаю і манаху-мараніту святому Шарбэлю, які знаходзіцца сярод нас ужо 20 гадоў, — мы адчуваем паўсюднасць Касцёла».
«Наша святыня носіць шнары вайны і ідэалагічных катаклізмаў ХХ стагоддзя, якія пракаціліся па нашай зямлі. Апошнія 33 гады сталі гадамі адраджэння парафіі.
33 гады — гэта таксама тры пантыфікаты апошніх Папаў. Усе яны сёння з намі», — заўважыў пробашч, адзначыўшы, што святы Ян Павел ІІ звязаны з алтаром Божай Міласэрнасці, які быў пасвячаны ў гэтае ўнікальнае свята Божай Міласэрнасці ў 2005 года. Бэнэдыкт XVI — праз яго заклік зноў і зноў адкрываць «Бога, які ёсць Любоў», — такі надпіс змешчаны яшчэ на адным алтары.
«Папа Францішак прысутны сёння ў нашай супольнасці ў Вашай асобе, Ваша Эксцэленцыя», — сцвердзіў ксёндз Багуслаў, пасля чаго запрасіў нунцыя Ёзіча ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы, папрасіўшы яго «маліцца за нас, каб мы сталі сапраўднымі сведкамі любові да Бога, Касцёла і братоў».
У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне перадусім выказаў сваю радасць ад магчымасці на пачатку Адвэнту быць у гэтай старажытнай парафіі з багатай гісторыяй, якую продкі сённяшніх свірскіх вернікаў прысвяцілі святому Мікалаю.
«Святы Мікалай — вельмі блізкі народу Божаму: ён быў біскупам Мірлікійскім і ўшаноўваецца не толькі нашым Касцёлам, але і Праваслаўнай Царквой, і іншымі хрысціянскімі Цэрквамі», — заўважыў Апостальскі нунцый, дадаўшы што святы Мікалай лічыцца святым дабрадзеем і абаронцам, асабліва дзяцей, бо традыцыя прыносіць дзецям падарункі на святога Мікалая існуе паўсюль.
«Дзякуючы сведчанню вашых дзядоў і прадзедаў, вера і традыцыя свята святога Мікалая ў вашай парафіі захаваліся да сённяшняга дня», — сцвердзіў арцыбіскуп. Разам з тым ён звярнуў увагу вернікаў на тое, што «Касцёл нядаўна распачаў Адвэнт: перыяд падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння новым сінадальным шляхам, які распачаў Святы Айцец, Папа Францішак, каб наблізіць гэты шлях да новых пакаленняў свету і лепш адказваць на выклікі сучаснай культуры».
«У нашай падрыхтоўцы да святога Божага Нараджэння Бог дае нам сябе і пытаецца, ці гатовыя мы прыняць Яго, калі Ён наведае нас у гэтым годзе; ці гатовыя мы навяртацца і дапамагаць нашым братам і сёстрам у іх канкрэтным жыцці», — звярнуўся да сабраных нунцый Ёзіч, заахвоціўшы атрыманымі ад Бога дарамі не ленавацца рабіць дабро і заўсёды служыць Пану ў надзеі і малітве.
«Гэта правілы сапраўднага хрысціянскага жыцця, якія кожны з нас павінен прызнаць і прыняць», — падкрэсліў іерарх.
«Дарагія браты і сёстры, вы абралі святога Мікалая сваім апекуном, таму што адкрылі ў ім веліч, у якой хочаце ўзрастаць і фармаваць сябе, свае сем’і, свае адносіны — гэта значыць у шчодрасці, чуласці, ахвярнасці, у блізкасці да Хрыста.
«Святы Мікалай вучыць нас, як дарыць сябе і як стаць дарам для іншых. <…> Сёння мы асаблівым чынам молімся да нашага святога апекуна, каб ён заўсёды захоўваў адзінства, аб’ядноўваў нашыя сем’і, нашае падзеленае грамадства.
Просім яго, каб дапамог нам быць падобнымі да Хрыста <…> і зрабіць гэты Адвэнт больш радасным і багацейшым для нас як у духоўным, так і ў матэрыяльным сэнсе. Молімся да святога Мікалая, каб стаў падарункам для нас і для нашых братоў і сясцёр, якія апынуліся ў цяжкасцях, пакутуюць, пакінутыя або адкінутыя сучасным грамадствам», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Ёзіч, завяршыўшы яе малітоўным зваротам да святога Мікалая.
Напрыканцы Эўхарыстыі прадстаўнікі парафіі падзякавалі Апостальскаму нунцыю за супольную малітву і папрасілі яго перадаць Папу Францішку запэўненне ў сваёй пастаяннай малітве за яго.
Прадстаўнік Папы, у сваю чаргу, як святы Мікалай, шчодра надзяліў падарункамі пробашча і вернікаў: ружанцамі і абразкамі Святога Айца, а маленькія парафіяне атрымалі таксама салодкія пачастункі.
…Яшчэ доўга Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч заставаўся ў гасцінным Свіры. У маленькай утульнай плябаніі пад вежай касцёла, пры стале, застаўленым традыцыйнымі вясковымі стравамі, ён размаўляў з прадстаўнікамі духавенства навакольных парафій, распытваючыся пра іх жыццё і дзелячыся досведам свайго служэння ў розных краінах. Такім чынам, сціплы местачковы фэст стаў не толькі выразам любові да святога Мікалая і гасціннасці беларусаў, але і знакам сведчання паўсюднасці Касцёла.