Пошук

24.11.2023 10:55   Паводле: Msj.by / Catholic.by

З 17 па 19 лістапада ў касцёле Маці Божай Шкаплернай ў Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі для мужчын і юнакоў.

Як паведамляе сайт руху «Мужчыны святога Юзафа» msj.by, духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме «‎Які мой вобраз Бога Айца?»‎

У днях засяроджвання ўзялі ўдзел мужчыны і юнакі з Браслава, Ваўкавыска, Гродна, Ліды, Мінска, Мядзела і Смаргоні.

Праводзіў рэкалекцыі ксёндз Алег Хмылко, вікарый парафіі святога Андрэя Баболі ў Полацку. 

Напачатку сустрэчы святар удакладніў, што на працягу трох дзён удзельнікі будуць ‎шукаць сапраўдны вобраз Бога ў сваіх сэрцах.

«‎Мы можам шмат ведаць пра Пана, прачытаць не адну тэалагічную кнігу, але так і не спазнаць Нябеснага Айца як любячага, міласэрнага»‎,

— падкрэсліў ксёндз Алег.

«Важна таксама разумець, які мой жыццёвы досвед адносін з іншымі людзьмі: ці знаёмы я з прабачэннем, пяшчотай, любоўю? Таму што гэты досвед я праецырую на Бога. І калі досвед быў негатыўны, то і вобраз Айца будзе ілжывы: мне цяжэй спазнаць, які Пан насамрэч. Калі ў чалавека прэтэнзіі да Бога, то, хутчэй за ўсё, у яго прэтэнзіі да людзей»‎, — адзначыў святар.

Адкуль бяруцца дрэнныя аналогіі (Бог-чалавек) у сэрцах, пачуццях, эмоцыях? Якія праблемы ў духоўнасці ўзнікаюць на падставе гэтых аналогій? Што з гэтым рабіць? Як выходзіць з ілжывых вобразаў Бога? На гэтыя і іншыя пытанні знайшлі ўдзельнікі рэкалекцый падчас духоўных практыкаванняў.

У праграму таксама ўвайшлі супольныя малітвы, штодзённы ўдзел у Літургіі, тры канферэнцыі, адпачынак, экскурсія, наведванне Мядзельскай кальварыі, сумесны прагляд фільма і разважанне над ім.

Напрыканцы рэкалекцый удзельнікі падвялі вынікі сустрэчы і атрымалі благаслаўленне.

Абноўлена 24.11.2023 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.