15 лістапада, на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якую Папа Францішак правёў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, сярод іншых іерархаў Святога Айца прывітаў Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Як паведамляецца на старонцы грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, пастыр беларускай грэка-каталіцкай супольнасці перадаў Папу Францішку аўдыёдыск «Пахвала святому Язафату / Praise to Saint Josaphat», запісаны братамі з Orientale Lumen Мusic Group (Сяргей Раюнец, Арцём Сітнікаў, Алесь Палуйка і Андрэй Латыш).
Папа сказаў у адказ па-італьянску: Grazie! che preghino per me — «Дзякуй! Няхай моляцца за мяне».
Як паведамлялася раней, сёлета прыпадае 400-годдзе з часу мучаніцкай смерці святога Язафата, арцыбіскупа Полацкага. З нагоды гэтага юбілею Папа Францішак устанавіў магчымасць атрымання поўнага адпусту.