Пошук

15.11.2023 10:25   Catholic.by
Рэліквіі св. Язафата ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане і абраз мучаніка. Фотакалаж: Сerkiew.net.pl

12 лістапада адзначалася 400-годдзе з дня мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, Апекуна Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў Папам Францішкам з нагоды ўрачыстых святкаванняў у гонар святога Язафата, біскупа і мучаніка, якія праходзяць у Беларусі з 16 кастрычніка 2023 года па 25 лістапада 2024 года, ласкава надала поўны адпуст (індульгенцыю) — на звычайных умовах (споведзь, Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца) — усім вернікам кожнага абраду, якія сапраўды пакаюцца і здзейсняць учынкі міласэрнасці, які яны таксама могуць ахвяраваць за душы вернікаў, што знаходзяцца ў чыстцы, калі яны наведаюць з пілігрымкай юбілейны касцёл у Беларусі, вызначаны біскупам Віцебскім ці Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, і там пабожна возмуць удзел ў юбілейных урачыстасцях ў гонар святога Язафата, біскупа і мучаніка.

Юбілейныя касцёлы, вызначаныя біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам:

  • катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску,
  • касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе — дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Браслаўскай,
  • касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку,
  • касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім,
  • касцёл святога Антонія Падуанскага ў Паставах.

Юбілейныя цэрквы, вызначаныя Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам — грэка-каталіцкія святыні ў Полацку, Віцебску, Брэсце і ў Мінску (царква Маці Божай Нястомнай Дапамогі).

Пажылыя, нямоглыя і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, могуць атрымаць поўны Адпуст, маючы агіду да кожнага граху з намерам выправіцца як мага хутчэй, выканаць тры звычайныя ўмовы, і духоўна, перад абразом святога Язафата, далучыцца да юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу ўласны боль ці нязручнасці жыцця.

Абноўлена 15.11.2023 10:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа