Пошук

15.11.2023 14:31   Vatican News
Фота: EPA/Alessandro Di Meo

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 15 лістапада на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Святы Айцец прапанаваў падсумаваць свой катэхетычны цыкл аб апостальскай руплівасці.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News паведамляе, што Папа Францішак прапанаваў на працягу бліжэйшых тыдняў падсумаваць свой катэхетычны цыкл аб апостальскай руплівасці, абагульніўшы яго ў чатырох пунктах, натхнёных Апостальскай адгартацыяй Evangelii gaudium, якой сёлета споўнілася дзесяць гадоў. Першы з пунктаў — радасць у евангелізацыйнай дзейнасці.

Пантыфік падкрэсліў, што хрысціянскае пасланне — гэта пасланне «вялікай радасці», прычынай якой з’яўляецца Асоба — Езус Хрыстус. «Вось чаму расчараваны, сумны, незадаволены ці, яшчэ горш, крыўдлівы і злапамятны хрысціянін не пераканаўчы. Ён будзе казаць пра Езуса, але ніхто яму не паверыць!» — папярэдзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што евангелізацыя — гэта справа бескарыслівасці; у яе аснове знаходзіцца напоўненасць.

Ён падкрэсліў таксама, што «Евангелле — гэта не ідэалогія», а менавіта  «пасланне радасці».  «Сустрэча з Езусам заўсёды прыводзіць цябе да радасці, і калі гэтага не адбываецца, значыць не было сапраўднай сустрэчы з Ім», — дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што першымі евангелізаванымі павінны быць самі вучні Езуса — хрысціяне. Занураныя ў сучасную імклівую і заблытаную атмасферу, яны могуць змірыцца з тым, што да Евангелля больш не прыслухоўваюцца і што не варта прыкладаць намаганняў для яго абвяшчэння.

«У нас можа ўзнікнуць спакуса дазволіць „іншым“ ісці сваім шляхам. Між тым гэта момант, каб вярнуцца да Евангелля, каб адкрыць, што Хрыстус „заўсёды малады і з’яўляецца пастаяннай крыніцай навізны“»,

— дадаў Папа.

Сустрэча з Хрыстом, як гэта здарылася з евангельскімі вучнямі, што вярталіся ў Эмаус з Ерузалема пасля крыжовай смерці Настаўніка, дазваляе «вярнуцца да штодзённага жыцця з энтузіязмам людзей, якія знайшлі скарб».

«І такім чынам мы адкрываем для сябе, што чалавецтву патрэбныя словы надзеі. Евангелля чакаюць і сёння: у ім мае патрэбу сучасны чалавек і чалавек кожнай эпохі, у тым ліку цывілізацыя запраграмаванага нявер’я і інстытуцыяналізаванага секулярызму; больш за тое, асабліва грамадства, якое пакідае пустыннымі прасторы рэлігійнага сэнсу, якому патрэбны Езус. Цяпер спрыяльны момант для абвяшчэння Езуса», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён нагадаў словы з Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium: «Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі ды адасобленасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць. Я запрашаю кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваю асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом».

Пантыфік заклікаў усіх хрысціянаў аднавіць сваю асабістую сустрэчу з Хрыстом, адкрываючы Яго як Асобу, а не як ідэю; як спадарожніка на шляху, а не як праграму; як любоў, якая вырашае многія праблемы; як пачатак евангелізацыі і крыніцу радасці.

«Разам з Езусам Хрыстом нараджаецца і адраджаецца радасць. Давайце не будзем забываць пра гэта. І калі нехта з нас не адчувае гэтай радасці, няхай запытаецца ў сябе, ці знайшоў ён Езуса», — звярнуўся да вернікаў Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа