Пошук

25.10.2023 11:11   Паводле: Samaranin.by

14–15 кастрычніка Місія Добрага Смараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай арганізавала пілігрымку «Шляхам уршулянак», якая была прысвечана 90-годдзю дзейнасці сясцёр уршулянак на беларускіх землях.

Як паведамляе сай Місіі Samaranin.by, духоўная вандроўка праходзіла па маршруце: Мінск–Моталь–Моладава–Іванава–Пінск–Гарадзішча–Лагішын–Мінск.

Незадоўга да пілігрымкі супрацоўнікамі Місіі была наладжана навуковая экспедыцыя, падчас якой было вызначына месца, дзе ў Моталі ў 1939 годзе будавалася каталіцкая капліца. Гэтае месца ў самым цэнтры мястэчка наведалі пілігрымы. Гасцінна сустрэў вандроўнікаў Мотальскі музей народнай творчасці. Усе былі ўражаныя цудоўнай экспазіцыяй і палешуцкімі спевамі, якія выканалі для наведнікаў мясцовыя жыхары. У мястэчку агледзелі таксама царкву Перамянення Пана, пабудаваную ў XIX стагоддзі.

Непадалёк ад Моталя знаходзіцца вёска Моладава, якая моцна звязана з дзейнасцю уршулянак.

«Скірмунты, уладальнікі прыгожага маёнтка Моладава, шчодра ахвяравалі гэтую маёмасць нашай Кангрэгацыі, яшчэ пры жыцці даверыўшы нам ворныя землі і лугі на дабрачынныя мэты», — пісала настаяцельніца Уршуля Ледухоўская. Сёстры уршулянкі стварылі ў Моладаве некалькі дзіцячых садкоў, займаліся катэхізацыяй сярод мясцовых жыхароў, а таксама даглядалі хворых. Ад уладанняў Скірмунтаў збераглася толькі пахавальная капліца — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Пілігрымы наведвалі і мясцовыя могілкі, дзе ацалелі толькі некалькі паўразбураных пахаванняў Скірмунтаў. Усе вернікі зацікавіліся ўнікальнай, але заняпалай цяпер моладаўскай Узнясенскай царквой XVIII стагоддзя. На жаль, стан яе захавання выклікае клопат. Нядаўна быў узнесены новы храм. На новае месца перанесены звон 1583 года — адзін з самых старых у Беларусі.

Далей адбыўся пераезд у горад Іванава (раней Янаў Палескі). 90 гадоў таму гэтыя 20 кіламетраў былі няпростым выпрабаваннем для ўршулянак. Прыходзілася ехаць у самае рознае надвор’е, адольваць гэты шлях конна і пешшу. Уршуля Ледухоўская так казала пра з’яўленне ў 1938 г. місіі ў Янаве: «У Моладаве ўжо ёсць першынец, гэта ўстанова ў Янаве Палескім, месцы пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі». Вандроўнікі наведалі мясцовы касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Адбылася цёплая сустрэча з пробашчам парафіі ксяндзом Паўлам Кручэкам. У касцёле захоўваецца крыж, створаны слынным мастаком Напалеонам Ордам. Спадабаўся вандроўнікам Парк мініяцюр страчаных славутасцяў, які ўяўляе макеты архітэктурных помнікаў Іванаўскага раёна. Тут можна ўбачыць і макет фамільнай рэзідэнцыі Скірмунтаў у вёсцы Моладава.

Адным з цэнтральных месцаў падарожжа стаў Пінск — «сталіца беларускага Палесся».

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша. Цікавы гістарычны экскурс пра святыню зрабіў пробашч парафіі ксёндз Павел Врубель. Пілігрымы памаліліся ў крыпце ў сутарэннях пінскай катэдры, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк. Падчас візіту ў Пінску неаднойчы чулі пра значнасць постаці кардынала Казіміра Свёнтка і прыклад яго самаадданага жыцця як верніка і святара без рэшты адданага служэнню Хрысту і Касцёлу. Узгадвалі неаднойчы і святара Зыгмунта Лазінскага, які пахаваны ў крыпце пінскага катэдральнага касцёла. Экскурсію па Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага і па яе цудоўным музеі правёў кс. Чэслаў Ладыка. Падчас шпацыру па горадзе наведалі палац Бутрымовічаў — помнік архітэктуры XVIII ст. Найверагодна, менавіта ў ім 29 жніўня 1938 г. адбылася святая Імша ў тагачаснай капліцы біскупскага палаца, пасля чаго Уршуля Ледухоўская з біскупам Казімірам Букрабам паехалі адведаць сясцёр уршулянак у вёсцы Востраў.

З Пінска пілігрымы накіраваліся ў вёску Гарадзішча, дзе ў 1930-х гг. таксама дзейнічалі ўршулянкі. Перш-наперш удалося наведаць мясцовы музей, які створаны руплівымі намаганнямі мясцовай жыхаркі Наталлі Кахнюк. У ім зберагаецца мноства рарытэтаў. Гаспадыня паказала таксама касцёльныя святыні, якія зберагліся ў мясцовых жыхароў пасля разбурэння гарадзішчанскага касцёла падчас Другой сусветнай вайны. У Гарадзішчы пры ўршулянках разгортвалася такая ж дзейнасць, як і ў іншых місіях. Сёстры ажыццяўлялі парафіяльную працу, наведвалі хворых, апекаваліся гуртком вясковых гаспадынь, таварыствам моладзі. Пілігрымы агледзелі стары кляштарны будынак, дзе ў 1930-х гг. размягчалася плябанія і жылі уршулянкі.

Абноўлена 26.10.2023 09:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця