20 снежня ў Пінску прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі, адмыслова прымеркаваная да надыходзячых святаў Божага Нараджэння.
Сустрэча распачалася з духоўнай канферэнцыі, якую абвясцў сабраным ксёндз доктар Юрый Пракапюк.
У межах перажывання сотай гадавіны з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі, святар распавёў пра жыццё і служэнне Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага — першага біскупа Пінскага.
Працягам сустрэчы стала супольная малітва на Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы Найсвяцейшага Імя Марыі ў будынку семінарыі.
Ключавым момантам сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў стала святая Імша ў катэдральным касцёле, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з пастырам дыяцэзіі Эўхарыстыю канцэлебравалі дапаможны біскуп Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец ОР і ўсе прысутныя святары.
Біскуп Дзям’янка на пачатку літургіі заахвоціў духоўных і кансэкраваных асобаў да перажывання сустрэчы ў духу ўдзячнасці Пану Богу за дар супольнасці, за дар кожнага брата і сястры ў служэнні Хрыстовай справе збаўлення людскіх душаў.
Пасля літургіі адбылося традыцыйнае напярэдадні святаў Божага Нараджэння дзяленне аплаткамі, падчас якога біскупы, святары, кансэкраваныя асобы выказвалі адно аднаму словы ўдзячнасці, віншаванняў і найлепшых пажаданняў на надыходзячыя святы і новы каляндарны год.
Сустрэча завяршылася супольным абедам і абмеркаваннем актуальных пытанняў з жыцця Паўсюднага Касцёла, які неўзбаване распачне святкаванне Святога году, а таксама пытанняў з жыцця парафій і планаваных мерапрыемстваў у Пінскай дыяцэзіі, прымеркаваных да сотай гадавіны з часу яе заснавання.