20 кастрычніка ў Крупках, у мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева, філіяле Крупскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, адбылося адкрыццё выставы найбольш шанаваных цудадзейных абразоў Маці Божай.
Тыднем раней, перад тым, як трапіць на экспазіцыю, копіі Марыйных абразоў, якія ўжо трэці год перэгрынуюць па парфіях Беларусі і замежжа, ушанавалі вернікі мясцовай парафіі святога Юзафа.
Галерыя ў Крупках стала ўжо чацвёртая свецкай культурнай установай, дзе экспануюцца выявы Найсвяцейшай Панны Марыі ў спісах Яе цудадзейных абразоў. Для жыхароў райцэнтра, людзей розных веравызнанняў, якіх аб’ядноўвае вера ў адзінага Бога, адкрыццё выставы стала своеасаблівым духоўным святам.
«Сёння вельмі важная для нашай галэрэі і горада святочная падзея: да нас прывезлі спісы найбольш шанаваных на нашай зямлі абразоў Маці Божай», — зазначыла Хрысціна Жукава, куратар мастацкай галэрэі імя Аракчэева.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч крупскай каталіцкай парафіі святога Юзафа ксёндз Віталь Стрыга. Святар зазначыў, што знаходжанне абразоў Панны Марыі ў Крупках з’яўляецца для ўсіх мясцовых жыхароў нагодаю паразважаць на адвечныя духоўныя тэмы, якія так ці інакш закранаюць кожнага чалавека.
«Калі мы паглядзім на гэтыя выявы Нябеснай Маці, мы зможам задумацца і аб нашым жыцці, нашых адносінах адзін з адным: паміж дзецьмі і бацькамі, сваякамі і знаёмымі людзьмі», — адзначыў крупскі душпастыр.
На адкрыцці выставы прысутнічаў ініцыятар перэгрынацыі Марыйных абразоў па Беларусі, пробашч мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Святар распавёў пра тое, як адбывалася пілігрымка з гэтымі іконамі ўздоўж межаў нашай краіны ў 2021 годзе, а таксама пазнаёміў з тым, як ужо трэці год праходзіць перэгрынацыя спісаў абразоў.
Ініцыятар перэгрынацыі адзначыў, што наша краіна мае шмат святых мясцін, санктуарыяў, якія дапамагаюць людзям духоўна ўзрастаць. Аднак не заўсёды людзі могуць трапіць у тую ці іншую святыню.
«Таму Маці Божая наведвае не толькі касцёлы: Яна хоча прыйсці да ўсіх, атуліць плашчом сваёй апекі кожнага. Паказ абразоў у розных культурных установах дае наведвальнікам магчымасць на нейкі час адчуць сябе пілігрымамі», — дадаў ксёндз Уладзіслаў.
На адкрыцці прысутнічала малодшая дачка жывапісца, чыё імя носіць крупская галерэя, таксама мастачка, Аксана Аракчэева разам з сёстрамі і плямяннікам Міхасём.
«Для мяне гэта вялікая падзея, з 2021 года я сачу за перэгрынацыяй гэтых абразоў і думала, каб калі-небудзь мне убачыць іх самой. Я нават не марыла, што такое адбудзецца ў галерэі імя майго бацькі. Гэтая падзея застанецца назаўжды яскравым адбіткам у маім сэрцы», — сказала Аксана Аракчэева.
Напрыканцы мастачка з Маладзечна Ядзвіга Сянько, аўтарка 16-і з 17-і спісаў цудадзейных абразоў, распавяла, з чаго пачынаўся яе творчы шлях і як былі напісаны некаторыя з прадстаўленых ікон. Варта адзначыць, што Ядзвіга Сянько на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца аўтарам многіх выставачных праектаў у крупскім музеі.
Ад імя прысутных гасцей дырэктар краязнаўчага музея Тамара Бальбот падзякавала арганізатарам духоўнага мерапрыемства, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць несці людзям святло праз мастацтва.
Завяршылася цырымонія адкрыцця выставы музычным праслаўленнем Марыі ў выкананні крупскіх парафіянаў.
Марыйныя абразы будуць прадстаўлены ў выставачнай зале Крупскай мастацкай галерэі імя Аракчэева да 29 кастрычніка (адрас: г. Крупкі, вул. Савецкая 2, 3-і паверх).