Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачынае новы міжнародны сацыяльны праект «YES!». Праект скіраваны на скарачэнне беднасці шляхам працаўладкавання сацыяльна ўразлівай моладзі ў найменш развітых рэгіёнах Беларусі.
Мэтай праекту з'яўляецца развіццё і павышэнне магчымасцяў для годнага ўзроўню жыцця маладых людзей ад 18 да 35 гадоў, якія пражываюць у Крупскім і Бярэзінскім раёнах — тых, якія маюць неспрыяльны сацыяльна-эканамічны статус.
На базе Крупскага раёна будзе створаны рэгіянальны цэнтр развіцця, які арганізуе для ўдзельнікаў праекту семінары па планаванні кар'еры, якія атрымаюць падтрымку ў распрацоўцы індывідуальнай праграмы кар'ернага плану.
Ім будуць прадстаўлены магчымасці для індывідуальнага прадпрымальніцтва і ідэі для бізнэс-праектаў, а найбольш перспектыўныя атрымаюць падтрымку і суправаджэнне, якое ўключае дапамогу ў распрацоўцы планавання, вывучэнне эканамічнага асяроддзя і прававых пытанняў.
Гэта паспрыяе стварэнню новых працоўных месцаў, працаўладкаванню маладых людзей, росту колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, павышэнню актыўнасці мясцовай супольнасці для ўдзелу ў далейшым рэгіянальным развіцці.
Партнёры праекту — ААТ «Белагропромбанк», дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя), дабрачынная арганізацыя Renovabis (Германія).
Першае мерапрыемства з удзелам арганізатараў і партнёраў праекту, на якім абмяркоўваліся дзеянні па яго рэалізацыі, адбылося ў горадзе Крупкі.