Пошук

23.10.2023 11:34   Тэкст і фота: с. Алетэя (Ала Новік) / Catholic.by

У суботу 21 кастрычнiка ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат.

…Калі ад’ехаць ад Гродна з дзясятак кіламетраў, можна апынуцца ў невялічкай вёсачцы Адамавічы. Сярод шырокіх палёў і новабудоўляў відаць кляштар сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса. Менавіта сюды прыязджаюць дзяўчаты на дзень засяроджанасці.

Вырвацца са штодзённай мітусні, каб зазірнуць у глыбіню свайго сэрца, аднавіць сілы, засяродзіцца на асабістай малітве — вось чаго шукаюць у цішыні Кармэля юныя чыстыя душы.

Гэтым разам удзельніцы сустрэчы разважалі над тэмай: «Святасць Марыi».

Духоўным кіраўніком, які правёў кастрычніцкі дзень засяроджання, быў ксёндз Яўген Амасёнак. Удзельніцы правялі са святаром некалькі гадзін у супольнай малітве.

Паколькі кастрычнік у Каталіцкім Касцёле — ружанцовы месяц, падставай для разважанняў над святасцю Марыі былі Радасныя таямніцы святога Ружанца.

Кульмінацыйным момантам дня засяроджання сталі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша.

Завяршылася сустрэча ў гасцінным кляштары сясцёр кармэлітак праглядам фільма пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме.

Вось з якімі думкамі, што сталі вынікам дня засяроджання, дзяўчаты ехалі дадому: «Заўсёды быць „у рэжыме чакання“, каб, калі прыйдзе час, адразу быць гатовай адказаць на Божы заклік»; «Быць чалавекам з адкрытым сэрцам»; «Перамагчы зло можна толькі робячы дабро»; «Два моманты ў жыцці, калі можам сустрэцца з Хрыстом: цяпер, не адкладаючы на потым ці на заўтра, чакаючы спрыяльнага часу, і ў хвіліну смерці»; «Сакрэт шчасця — аддаваць сябе, служыць»; «Бог чакае ад мяне таго, што мне найцяжэй аддаць, зрабіць»; «Чаго не разумееш — захавай у сэрцы: на ўсё прыйдзе час»; «Пост азначае адмовіцца ад свайго „я“ і адказаць Богу „Так!“, „Няхай станецца Твая воля“».

Гэтыя думкі былі натхнёныя разважаннем над святасцю Марыі ў малітоўнай цішыні адамавіцкага Кармэля.

Абноўлена 23.10.2023 21:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.